У цэнтры Парыжа, непадалёк ад Опера Гарнье, адкрыта памятная дошка ў гонар беларускага мастака, пісьменніка, музыканта і педагога Напалеона Орды. Гэтая падзея адбылася ў межах юбілейных мерапрыемстваў, што прайшлі ў французскай сталіцы 27‑28 сакавіка і былі прымеркаваныя да 200‑годдзя з дня нараджэння Н.Орды.

Як паведаміла прэс‑служба Міністэрства замежных спраў Беларусі, адкрыццё памятнай дошкі стала вынікам сур’ёзнай падрыхтоўчай працы. У выніку юбілей быў унесены ў Спіс памятных дат, у святкаванні якіх бярэ ўдзел ЮНЕСКА. Гэтаму папярэднічаў пошук архіўных матэрыялаў і ліставання Н.Орды, устанаўленне парыжскага адраса, па якім размяшчаўся яго камісійны дом, правядзенне неабходных узгадненняў з прэфектурай Парыжа і іншымі шматлікімі дзяржструктурамі Францыі.

У штаб‑кватэры ЮНЕСКА была разгорнута выстава, прысвечаная Н.Орду. Яна арганізавана пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА сумесна з Нацыянальнай камісіяй Беларусі па справах ЮНЕСКА. У адкрыцці выставы ўзяў удзел намеснік генеральнага дырэктара арганізацыі Марсіа Барбоза, які адзначыў значнасць гэтага юбілею для ЮНЕСКА ў святле працы па ахове культурнай спадчыны і культурнай разнастайнасці чалавецтва.

На вернісажы прысутнічалі прадстаўнікі дэлегацый Балгарыі, Літвы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Узбекістана і Украіны пры ЮНЕСКА, сакратарыята гэтай арганізацыі, Польскай бібліятэкі ў Парыжы, беларускай дыяспары.

У экспазіцыі прадстаўлены копіі работ мастака, альбом рэпрадукцый літаграфій з анатацыямі аўтара на беларускай і англійскай мовах, паштоўкі з рэпрадукцыямі малюнкаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, памятная манета, выпушчаная Нацыянальным банкам Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?