24 ліпеня, пасля таго як набыў моц закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб шлюбе і сям’і», у Беларусі спрашчаецца парадак рэгістрацыі шлюбу.

Як паведаміла кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Алена Мяцельская 19 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, мінімальны тэрмін, які павінен прайсці з моманту падачы заявы да рэгістрацыі ўзяцца шлюбу, паменшаны з 15 да трох дзён. Пры наяўнасці пацверджаных дакументальна асаблівых акалічнасцяў, такіх як наяўнасць агульнага дзіцяці, цяжарнасці ці іншых (камандзіроўка, стан здароўя і г.д.), шлюб можна зарэгістраваць і ў дзень падачы заявы. Максімальны тэрмін, які дапускаецца з моманту падачы заявы да рэгістрацыі шлюбу, як і раней, складае тры месяцы.

Упершыню замацавана магчымасць ажыццяўляць рэгістрацыю шлюбу ў любым органе ЗАГС па выбары асоб, якія бяруць шлюб.

Акрамя таго, даецца магчымасць правесці рэгістрацыю шлюбу за межамі памяшкання загса, напрыклад на прыродзе ці ў любым памяшканні, якія абяруць будучыя муж і жонка. Цяпер рэгістрацыя шлюбу праводзіцца органамі ЗАГС па месцы жыхарства адной з асоб, якія бяруць шлюб, ці іх бацькоў.

Як паведаміла Мяцельская, як і раней, для ўзяцця шлюбу асобы падаюць у органы ЗАГС сумесную заяву, падпісаную абодвума бакамі. Калі адна з асоб, якая збіраецца ўзяць шлюб, не можа звярнуцца асабіста, дапускаецца падаванне ў загс натарыяльнага сведчання подпісу асобы. Для рэгістрацыі ж шлюбу абавязковая яўка дзвюх асоб.

Як і раней, пры рэгістрацыі шлюбу ставіцца адзнака ў пашпарце ці дакуменце, што сведчыць асобу.

Як паведаміла начальнік упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы Міністэрства юстыцыі Алена Цалко, закон прадугледжвае магчымасць рэгістрацыі ў органах ЗАГС шлюбаў, зарэгістраваных паміж замежнымі грамадзянамі, калі хаця б адзін з іх мае дазвол на пражыванне ў Беларусі. Цяпер такія шлюбы паміж замежнымі грамадзянамі незалежна ад наяўнасці ў іх дазволу на пастаяннае пражыванне рэгіструюцца ў Беларусі толькі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульскіх установах замежных дзяржаў. «На практыцы нярэдкія выпадкі, калі замежныя грамадзяне не маюць ніякай магчымасці ўзяць шлюб у краіне пражывання», — адзначыла Цалко.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?