Магілёўскі абласны суд прыгаварыў былую супрацоўніцу суда Бабруйскага раёна і горада Бабруйска да трох гадоў пазбаўлення волі за махлярства і падбухторванне да давання хабару.

Як паведамілі ў прэс-групе УКДБ па Магілёўскай вобласці, з красавіка 2009 года абвінавачаная працавала на пасадзе сакратара суда. Яна мела магчымасць знаёміцца з матэрыяламі крымінальных спраў, што і выкарыстоўвала ў сваёй злачыннай дзейнасці з 2010 па ліпень 2011 года.

«Распаўсюджваючы сярод знаёмых інфармацыю пра тое, што яна нібыта мае магчымасці ў вырашэнні пытанняў, звязаных з працай, сакратар суда наўмысна ўводзіла іх у зман адносна прадстаўленых ёй паўнамоцтваў.

Калі ж да яе сталі звяртацца грамадзяне, чые сваякі ўчынілі не цяжкія злачынствы, былы сакратар прапанавала ім вырашыць пытанне аб прызначэнні ім мінімальнага пакарання шляхам давання хабару «кампетэнтным службовым асобам пракуратуры і суда», —
сказала кіраўнік прэс-службы УКДБ Таццяна Шаўцова.

Паводле яе слоў, «прадпрымальная» бабруйчанка брала на сябе ролю пасрэдніка па перадачы грошай.

«Аднак ні дапамагаць, ні перадаваць грошы яна не збіралася.
Пераконваючы даверлівых грамадзян у магчымасці вырашэння праблем такім супрацьзаконным спосабам, яна проста выманьвала ў іх грошы», — гаворыць прадстаўніца УКДБ.

Паводле даных следства, абвінавачаная ашуканскім шляхам змагла атрымаць больш як 12 млн. рублёў.

Пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі, прызначанае Магілёўскім абласным судом, дзяржабвінаваўца палічыў неабгрунтавана мяккім і падаў пратэст у прэзідыум Магілёўскага абласнога суда.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?