Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа», быў дастаўлены 19 ліпеня ў КДБ. Там яму паведамілі, што ён пастаўлены на прафіляктычны ўлік.

Бандарэнка: «Затрымалі мяне ў Першамайскім РУУС і ветліва папрасілі, без магчымасьці адмовіцца, праехаць зь імі на размову. Калі я прыехаў,

там быў супрацоўнік у цывільным, які прадставіўся як Брэеў Аляксандар Мікалаевіч. Ён мяне папярэдзіў, што я знаходжуся на прафіляктычным уліку ў КДБ з усімі наступствамі.
Я паспрабаваў высьветліць, якія менавіта наступствы. Ён адказаў, што я мушу выконваць усе законныя патрабаваньні супрацоўнікаў КДБ, але якія менавіта, не патлумачыў».

Андрэю Бандарэнку ня выдалі на рукі ніякіх дакумэнтаў.

Па словах супрацоўнікаў КДБ, сам факт размовы — гэта ўжо пацьверджаньне пастаноўкі на ўлік.
Але падчас размовы Андрэю Бандарэнку была прадэманстраваная інфармацыя з сайта «Плятформы», у прыватнасьці, заклік да прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля наконт адмены Чэмпіянату сьвету па хакеі. Па словах Бандарэнкі, супрацоўнікі КДБ лічаць, што гэтая інфармацыя дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь і яе прэзыдэнта.

У КДБ Бандарэнку забралі зь Першамайскага РУУС, куды яго выклікалі сёньня, каб паразмаўляць наконт іншых супрацоўнікаў «Плятформы» — Мікіты Ліхавіда і Юрыя Чыгілейчыка. Бандарэнка выказаў меркаваньне, што яго маглі адмыслова запрасіць, каб адтуль было зручней адвезьці ў КДБ. Па словах Бандарэнкі, супрацоўнікі КДБ паводзілі сябе карэктна.

Андрэй Бандарэнка ад 15 сакавіка знаходзіцца ў сьпісе невыязных зь Беларусі. 20 ліпеня ён меўся абскарджваць свой статус у судзе Цэнтральнага раёну Менску.

4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 295, у адпаведнасьці зь якім грамадзяне, якія стаяць на прафіляктычным уліку ў органах КДБ, будуць абмежаваныя ў выезьдзе за мяжу.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што

працэдура прафіляктычнага ўліку прымяняецца ўжо ня першы раз. Так, на ўліку ўжо стаяць магілёўскія актывісты Зьміцер Салаўёў і Тацяна Шамбалава, а таксама Сяргей Калякін.

Стэфановіч: «Ёсьць адпаведны закон, адным з суб’ектаў там пазначаны КДБ. Але былі ўнесеныя зьмены ў парадак выезду і ўезду грамадзянаў за межы РБ.

І ў нас былі падставы меркаваць, што гэта будзе скарыстана ў палітычных мэтах — каб абмежаваць выезд апазыцыйным дзеячам, праваабаронцам, журналістам.
Фактычна — каб узаконіць незаконную практыку, якая існавала да гэтага. Бандарэнка — адзін зь першых выпадкаў. Паглядзім, наколькі гэтая практыка будзе шырока скарыстаная. Але ніхто з нашых апазыцыйных дзеячаў, якім забаронены выезд за межы Беларусі, ніякіх злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі ніколі не зьдзяйсьняе. Яны маюць іншы погляд на тое, што адбываецца ў краіне, і крытыкуюць уладу — вось іхнае злачынства».

Тэарэтычна можна абскардзіць пастаноўку грамадзяніна на прафіляктычны ўлік, але, па словах Валянціна Стэфановіча, у такіх выпадках шанцаў на адмену рашэньня вельмі мала. Яшчэ меней шанцаў у Андрэя Бандарэнкі.

Бандарэнка:

«Мы ў юрыдычным тупіку. Каб нешта абскарджваць, трэба гэтае нешта мець на руках. А пастановы ніякай мне ня выдалі.
Адзінае, што я магу абскардзіць, — гэта размову з супрацоўнікам КДБ. Заўтра мы дашлем афіцыйны запыт у КДБ, каб яны патлумачылі, што адбываецца, і прадставілі дакумэнты. А пасьля будзем вырашаць, як гэта абскарджваць і ў які суд зьвяртацца».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?