Жыхар Гомеля Яўген Дзедушкін дамагаецца кампенсацыі за незаконна праведзеныя ў зняволенні тры гады. 19 ліпеня Гомельскі абласны суд вынес пастанову прызнаць за ім права на пакрыццё маёмаснай шкоды і права на кампенсацыю ў грашовым выражэнні за нанесены маральны ўрон.

У дачыненні да Дзедушкіна двойчы выносілі абвінаваўчыя прысуды, якія пасля адмянялі. Толькі пасля трох гадоў следства, судовых пасяджэнняў ён дамогся перагляду сваёй крымінальнай справы і апраўдання, страціўшы гады жыцця, здароўе, пастаянную працу і рэпутацыю.

Летам 2008 года невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля.

На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр Яўген Дзедушкін.
Ён жыў побач і, паводле яго слоў, убачыўшы зарава, прыйшоў з цікаўнасці на месца здарэння. Міліцыя затрымала маладога чалавека, абвінаваціўшы ва ўчыненні падпалаў. Суд прызнаў урача вінаватым у падпалах і пакараў пазбаўленнем волі на чатыры гады.

Праз тры гады, у сакавіку 2011 года, судовая калегія Гомельскага абласнога суда поўнасцю апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачанні. Ён апраўданы з фармулёўкай "у сувязі з недаказанасцю віны".

"Цяпер стаіць пытанне: хто вінаваты ў тым, што я больш за год правёў у СІЗА, патраціў шмат грошай на юрыдычныя паслугі, страціў працу?

Суд мяне апраўдаў, гэта значыць я невінаваты, пра што і паўтараў заўсёды на следстве і судзе, доказаў маёй віны не было. Пасля вынясення сёння такой пастановы — прызнання за мной права патрабаваць кампенсацыю, я буду рыхтаваць іск аб пакрыцці матэрыяльнага і маральнагу ўрону", — пракаментаваў Дзедушкін.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру