«Такая рэканструкцыя нікому не патрэбна. Гэта апошні замак, дзе я хаджу і ўсё трымаю на кантролі.
Сядайце і думайце, якім будзе прадпрыемства па рэстаўрацыі. Трэба ўсіх аб’яднаць у адну арганізацыю. А то мы там трацім шалёныя грошы, робім у разы даражэй, чым калі б замежнікі рабілі», — сказаў ён.

Ён даручыў унесці яму прапановы па стварэнні арганізацыі, якая аб’яднала б усіх рэстаўратараў».

Як далажыў Лукашэнку міністр культуры Павел Латушка, палацава-паркавы ансамбль ужо аказвае цэлы шэраг платных паслуг. За тры апошнія гады вырасла колькасць наведвальнікаў комплексу. Калі ў 2010 годзе палацава-паркавы ансамбль наведалі 173 тыс. чалавек, у 2011-м — 210 тыс., то за першае паўгоддзе 2012 года — каля 136 тыс. чалавек. Чакаецца, што да канца года тут пабываюць каля 300 тыс. наведвальнікаў. У 2011 годзе даходы ад платных паслуг склалі Br1,5 млрд. Паводле слоў Паўла Латушкі, на працягу двух-трох гадоў комплекс выйдзе на 100-працэнтную акупнасць затрат на ўтрыманне аб’екта. Міністр таксама адзначыў, што кошт білета на наведванне палацава-паркавага ансамбля будзе складаць Br50 тыс., для некаторых катэгорый грамадзян прадугледжана 50-працэнтная льгота.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з экспазіцыяй адрэстаўраванага Нясвіжскага замка.
Цяпер усе работы па аднаўленню і рэстаўрацыі комплексу выкананы. Адноўлены і адрэстаўраваны Замак, Камяніца, Арсенал, паўднёвая і ўсходняя галерэі, прыбудова да замка, уязны мост, падземныя хады абаронных збудаванняў, роў, падземныя збудаванні пад усходнім валам, добраўпарадкавана тэрыторыя знешніх фартыфікацыйных збудаванняў. Цалкам адноўлены інтэр’еры княскіх пакояў, замкавыя капліцы, Залатой, Белай бальнай, Паляўнічай, Малой сталовай, Гетманскай залаў, іншых памяшканняў.
Аляксандр Лукашэнка прайшоў па гэтых залах і «ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным», як паведамляе БелТА.

Спецыялістамі завершаны работы па рэстаўрацыі захаваных інтэр’ераў і іх элементаў. 57 працэнтаў экспазіцыі — арыгінальныя прадметы XVI — пачатку XIX стагоддзя, астатняе — копіі і сучаснае ўзнаўленне старадаўніх арыгіналаў. Паводле слоў міністра культуры, міжнародныя эксперты далі пазітыўную ацэнку адноўленым інтэр’ерам. Аднаўлення чакаюць Замкавы, Японскі, Марысін і Англійскі паркі.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся таксама з прадстаўнікамі роду Радзівілаў, якія таксама прыехалі наведаць адрэстаўраваны замак.
Яны адзначылі, што ў цэлым ім падабаецца тое, што выканана ў замку. «Радзівілы ніколі не хацелі выязджаць адсюль, але ў 1939 годзе былі вымушаны зрабіць гэта. Наша сэрца заўсёды тут», — сказаў адзін з нашчадкаў роду Радзівілаў. «Прыязджайце сюды. Цяпер вам ёсць куды прыехаць», — у сваю чаргу сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка перадаў у дар музею пояс слуцкага тыпу, характэрны для паясоў, якія вырабляліся на мануфактурах Рэчы Паспалітай у 1760–1790-я гады.
Ён вытканы з шаўковай і сярэбранай пазалочанай нітак. Аляксандр Лукашэнка таксама пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей палацава-паркавага ансамбля: «Багатая культурная і гістарычная спадчына Беларусі выклікае пачуццё гонару ў кожнага яе жыхара. Адным з унікальных помнікаў архітэктуры з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, які ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Не аднойчы абнаўляўся ён пасля войнаў, пажараў і перыядаў забыцця. Дзякуючы рабоце рэстаўратараў, будаўнікоў і спецыялістаў музейнай справы сёння мы бачым Нясвіжскі замак ва ўсім яго харастве. Няхай і далей гэты выдатны твор айчыннага дойлідства застаецца ўвасабленнем культурнага багацця Беларусі, сімвалам невычэрпных стваральных сіл і здольнасці нашага народа».

У сваю чаргу Лукашэнку на памяць аб наведванні палацава-паркавага ансамбля быў перададзены габелен з відамі Нясвіжскага замка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?