Рыгор Кастусёў, выхадзец з той самай гаспадарчай наменклатуры Шклоўскага раёна, што і Аляксандр Лукашэнка, абраў для сябе абсалютна супрацьлеглы палітычны шлях.

У мінулую прэзідэнцкую кампанію, да якой у грамадстве і сёння адзначаецца вельмі супярэчлівае стаўленне, Кастусёў балаціраваўся кандыдатам у прэзідэнты, дэкларуючы зусім іншыя каштоўнасці, чым яго былы знаёмы. А цяпер ён збіраецца зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты Нацыянальнага сходу. Наколькі гэта правільнае і дальнабачнае рашэнне? Ці выйграе ад гэтага БНФ, намеснікам старшыні якога з'яўляецца спадар Кастусёў? На што разлічвае ён сам?

— Навошта ідзяце на выбары, вынік якіх усім (і вам самому) загадзя вядомы?

— Так, нам усім вядомы вынікі маючай адбыцца выбарчай кампаніі. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, як звычайна, будуць прызначаны, але

для Партыі БНФ удзел у выбарчай кампаніі — гэта магчымасць актывізаваць работу з насельніцтвам, праз вылучэнне кандыдатаў і іх удзел у кампаніі данесці да грамадзян Беларусі сваё бачанне сітуацыі, свае прапановы па вывядзенні краіны з палітычнага і эканамічнага крызісу.
Удзел у бягучай парламенцкай кампаніі — гэта яшчэ і адзін з этапаў падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

— Як вы ацэньваеце сваю рэальную папулярнасць у рэгіёне?

— Я планую вылучацца па Шклоўскай акрузе, якая ўключае ў сябе Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі раёны, а таксама часткова Магілёўскі раён і Магілёў.
Гэта ўжо не першы мой удзел у выбарах, таму маё імя добра вядома выбаршчыкам. Да таго ж мая папулярнасць узмацняецца тым, што я нарадзіўся ў Бялыніцкім раёне і адпрацаваў там на пасадах галоўнага інжынера і дырэктара саўгаса 9 гадоў. З 1991 года я пражываю і працую ў Шклове: больш за 6 гадоў адпрацаваў на пасадзе кіраўніка раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля майго звальнення ў 2001 годзе (падкрэсліваю: па палітычных матывах) за наступныя 10 гадоў ажно тры кіраўнікі Шклоўскай ЖКГ пакінулі сваю пасаду па прычынах, звязаных са службовымі злоўжываннямі. Двое з іх былі нават асуджаны… Людзі гэта таксама ведаюць і ўлічваюць.

— Відаць, вы чулі нямала папрокаў і прамых абвінавачанняў на адрас партыі БНФ і на свой асабісты за дзеянні напярэдадні, у час і асабліва пасля падзей Плошчы-2010. Ёсць сярод іх справядлівыя, якія можаце прыняць і на партыю, і на сябе?

— Шмат каму не падабалася, што Партыя БНФ прымала ўдзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі як самастойная палітычная сіла. Адсюль прыхаваныя і адкрытыя нападкі на нас. Але

ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ўпершыню за апошнія 16 гадоў значна паспрыяў павышэнню папулярнасці і вядомасці нашай партыі.
На гэта станоўча паўплывалі добра арганізаваная інфармацыйная кампанія і шматлікія сустрэчы кандыдата і чальцоў каманды з выбаршчыкамі ў разнастайных рэгіёнах краіны. Шкада, што мы надта позна прынялі рашэнне аб самастойным фармаце ўдзелу ў гэтай кампаніі, і запознены старт прывёў да некаторых памылак і недахопаў. Мы прааналізавалі іх на пасяджэнні сойма і не ўтойвалі іх ад нашых сяброў. Свае пралікі я таксама прааналізаваў з дапамогай блізкіх паплечнікаў, сяброў, нават родных… Скажу толькі, што сумленне маё чыстае, хаця пэўныя моманты на Плошчы і першыя допыты ў КДБ былі няпростымі. Самае цяжкае тое, што не было ніякай інфармацыі пра рэальнае развіццё падзей. Заставалася толькі арыентавацца на сваю перакананасць і веру ў паплечнікаў і сяброў. Адсюль, лічу, і памылак было няшмат, бо
каманда кандыдата Партыі БНФ працавала на тых выбарах, грунтуючыся выключна на маральных каштоўнасцях
. Гэтыя каштоўнасці былі захаваны і пасля выбарчай кампаніі. Дарэчы, пасля падзей на Плошчы менавіта выбарчы штаб БНФ першым актыўна далучыўся да справы салідарнасці з асуджанымі і рэпрасаванымі.

— А ўсё ж у грамадстве ёсць адчуванне, што аўтарытэт і папулярнасць БНФ з году ў год слабее. Ясна, што гэта вымагае глыбокага аналізу. На вашу думку, чаму гэта адбываецца?

— Аўтарытэт і папулярнасць любой палітычнай арганізацыі, у тым ліку і БНФ, здабываецца толькі праз настойлівую, разумную, цяжкую і карпатлівую працу з насельніцтвам. На жаль, як я казаў вышэй, на працягу 16 гадоў Партыя БНФ не прымала ўдзелу ў прэзідэнцкіх кампаніях як самастойная палітычная сіла. Гэта прывяло да таго, што пра БНФ пачалі забываць.

Але ў апошнія тры гады адбываецца працэс павышэння аўтарытэту партыі. Тое, што на нас цяпер пачалі часцей нападаць з розных бакоў, і ёсць лепшым сведчаннем таго, што гэты працэс ідзе ў правільным кірунку.

— Што будзеце лічыць прыстойным вынікам удзелу ў выбарчай кампаніі для сябе і для партыі?

— Ідучы на парламенцкія выбары, мы ўсведамляем, што выбараў як такіх у Беларусі няма. Мы далучаемся да гэтай выбарчай кампаніі толькі з той мэтай, каб скарыстаць яе як легальную магчымасць для работы з насельніцтвам і данесці да грамадзян нашу пазіцыю.

Вяртанне ўзроўню папулярнасці БНФ, якім ён быў на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і будзе самым прыстойным вынікам нашага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?