Роўна дзесяць гадоў таму, 31 сакавіка 1997 году, журналіст Аляксандар Ступнікаў сеў у цягнік Менск — Масква і разьвітальна памахаў рукой. Маршрут быў звыклы, а драматызму надавала падзеі адна акалічнасьць: кіраўніка бюро тэлеканала НТВ дэпартавалі зь Беларусі. Яму закінулі сыстэматычную дэзынфармацыю грамадзкай думкі.

Гэта стала выпрабаваньнем адмысловай "тэхналёгіі працы" з прадстаўнікамі замежных мэдыяў, якія дазвалялі сабе падаваць тутэйшую рэчаіснасьць без ружовых фарбаў.

Празь некалькі месяцаў возьмуцца за Паўла Шарамета, які ўзначальваў карпункт ОРТ. Той увогуле апынецца за кратамі, і самому Ельцыну давядзецца паказаць царскі гнеў, каб журналіста выпусьцілі.

Прадстаўніку НТВ не пашанцуе яшчэ раз: у 2003 годзе Паўла Селіна таксама дэпартуюць. Не спадабаецца, як ён асьвятляў пахаваньне Васіля Быкава.

Праз год рэпартаж аб вулічнай акцыі абернецца выдварэньнем ужо для тэлежурналіста РТР Дзьмітрыя Пятрова. Яму закінуць, што завысіў колькасьць удзельнікаў маніфэстацыі. То бок сказіў традыцыйны для БТ вобраз "нікчэмнай купкі"...

Ну а ўжо тыя выпадкі, калі замежным журналістам (ня кажучы пра айчынных) білі твары і камэры, нават пералічыць цяжка. Апошні раз хто-кольвек дастаў ад доблесных сілавікоў на нядаўні Дзень Волі.

Паказальны ж выпадак, калі летась на пасяджэньне менскага саміту СНД не пусьцілі карэспандэнтаў "Московского комсомольца" ды "Коммерсанта". У выніку, памятаеце, практычна ўсе расейскія журналісты пакінулі мерапрыемства на знак пратэсту.

Натуральна, потым адстраляліся з асалодай. Сам парадак дня саміту адышоў у цень, а тэмай №1 стаў, кажучы нэўтральна, стыль стасункаў афіцыйнага Менску з прэсай. Ды і надалей сымпатый да беларускага кіраўніцтва ў пакрыўджаных маскоўскіх СМІ не дадалося.

Ну і хто выйграў?

Таптаць прэсу — гэта заўжды наступаць на граблі.

Натуральна, кожны ўрад клапоціцца пра імідж. Але ж праца з мэдыямі — цэлая навука. У дэмакратычных краінах кіроўныя вярхі стараюцца фармаваць прыязнае стаўленьне да сваёй палітыкі праз тонкія камунікацыйныя тэхналёгіі. Прынцыповы момант: там у дзяржавы практычна няма падуладнай прэсы, таму і атрафаваўся хапальны рэфлекс. У нас жа — як у тым анэкдоце аб прапаршчыку: што тут думаць — трэсьці трэба!

P.S. Ступнікаў распавядае, што праз тры гады пасьля дэпартацыі яму давялося сустрэцца ў Ерусаліме з афіцыйным кіраўніком Беларусі. Той спагадліва спытаўся: як жонка, як дзеці?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?