Украінская апазыцыя вывела ў суботу на Майдан Незалежнасьці 40 тысяч чалавек, каб запатрабаваць роспуску Вярхоўнай Рады і адстаўкі ўраду Януковіча.

Адначасова на суседняй Эўрапейскай плошчы сабраліся каля 20 тысяч прыхільнікаў Януковіча.

Кожны з бакоў вінаваціць сваіх апанэнтаў у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. На думку “аранжавых”, урад ажыцьцяўляе паўзучы дзяржаўны пераварот, які прывядзе да згортваньня дэмакратыі. “Сіне-чырвоная” ўрадавая кааліцыя пэўная, што законных падставаў для роспуску Вярхоўнай Рады няма.

Юшчанка на мітынгах не зьявіўся. Менавіта яму адрасаваныя патрабаваньні, агучаныя на Майдане: неадкладна распусьціць парлямэнт. На Эўрапейскай плошчы яго заклікалі не рабіць гэтага.

Сам Юшчанка ўзяў паўзу да панядзелка і працягвае кансультацыі.

Вярхоўную раду кантралюе сіня-чырвоная кааліцыя. Яна называецца Форум нацыянальнага адзінства і складаецца з Партыі рэгіёнаў прэм’ера Януковіча, Сацыялістычнай партыі сьпікера Рады Мароза і камуністаў.

Апазыцыю ім складаюць “Наша Ўкраіна” прэзыдэнта Юшчанкі, Блёк Юліі Цімашэнкі і стракатая пазапарлямэнцкая супольнасьць няўрадавых арганізацый.

Нагодаю для пратэстаў гэтым разам сталі выпадкі перакупкі дэпутатаў апазыцыі. “Аранжавыя” бачаць за гэтым жаданьне дабіцца канстытуцыйнай большасьці і поўнага кантролю над уладай. Яны не выключаюць, што наступным этапам можа стаць імпічмэнт прэзыдэнта.

Раней, у парушэньне канстытуцыйных дамоўленасьць, сіня-чырвоная кааліцыя блякавала кандыдатуры на пасады міністраў замежных і ўнутраных справаў і кіраўнікоў абласных адміністрацый, прапанаваць якіх — канстытуцыйная прэрагатыва прэзыдэнта.

Юшчанка патрабуе ад Канстытуцыйнага суду прыняцьця, а ад урадавай кааліцыі прызнаньня так званага “імпэратыўнага мандату”, які б абмяжоўжаў для дэпутатаў магчымасьць пакідаць фракцыю, па партыйным сьпісе якой яны былі абраныя.

Праціўнікі Януковіча хочуць скарыстаць сытуацыю, каб спыніць аднаўленьне звычаяў эпохі кучмізму, якое адбывалася цягам апошняга году.

Цяпер Юшчанка можа распусьціць Вярхоўную Раду або працягнуць складанае суіснаваньне з урадам Януковіча.

Юрыдычныя падставы для роспуску хісткія, таму ў стане Януковіча і называюць магчымы роспуск “дзяржаўным пераваротам”.

Паводле ацэнак сацыёлягаў, у выпадку датэрміновых выбараў “аранжавыя” і “сіня-чырвоныя” атрымаюць прыкладна такую ж колькасьць галасоў, як і на выбарах 2006 году і як Юшчанка ў першым туры ў 2004 годзе — каля 40%. На такую ж колькасьць галасоў могуць разьлічваць разам рэгіяналы й камуністы. Аднак колькасьць дэпутацкіх манадатаў прыхільнікаў Юшчанкі й Цімашэнкі можа вырасьці. Рэч у тым, што мінулым разам частка галасоў памаранчавых расьцерушыліся між дробнымі партыямі, якія не адолелі 3%-га выбарчага бар’еру.

Цяпер, як паказваюць апытаньні грамадзкае думкі, акрамя Блёку Юліі Цімашэнкі і “Нашай Украіны” ў Вярхоўную Раду можа прайсьці і папулісцкая “Народная самаабарона” Юр’я Луцэнкі. Гэты палітык раней уваходзіў у Сацыялістычную партыю. Ён займаў пасаду міністра ўнутраных справаў у “рэвалюцыйным урадзе”. Пасьля таго, як лідэр сацыялістаў Мароз пайшоў на альянс зь Януковічам, ён распачаў стварэньне ўласнай палітычнай сілы.

У выпадку датэрміновых выбараў могуць узмацніцца пазыцыі папулістаў Юліі Цімашэнкі, а партыя прэзыдэнта “Наша Ўкраіна” страціць каля паловы цяперашніх мандатаў. Тым ня менш, зьезд “Нашай Украіны” ў суботу заклікаў прэзыдэнта распусьціць Раду.

Сёньня ўсе ўкраінскія палітычныя сілы выражаюць інтарэсы розных фінансава-прамысловых груповак. Спробы стварыць “партыі грамадзянскае супольнасьці”, якія б не грунтаваліся на алігархічных грашах, посьпеху пакуль ня мелі. Партыя “Пара”, сфармаваная на базе аднайменнага студэнцкага руху, ня здолела адолець выбарчы бар’ер.

Урадавая кааліцыя разнародная. Камуністы застаюцца цьвердалобымі саветчыкамі і маюць падтрымку на ўзроўні ўсяго 3—4% насельніцтва. “Рэгіяналы” і сацыялісты на практыцы не замахваюцца на дзяржаўнасьць украінскай мовы і эўрапейскі курс. Партыя рэгіёнаў абапіраецца на ўсходнія вобласьці, перадусім Данбас, за яе галасуюць расейскамоўныя выбарцы. Сацыялісты зьбіраюць галасы сялянаў, але па сьпісах гэтай партыі з гучнай назвай праходзіць нямала капіталістаў.

Цімашэнка і Юшчанка арыентуюцца на выбарцаў Захаду і Цэнтру Ўкраіны, украінафілаў і прыхільнікаў заходняга выбару.

Украінскі палітыкум розьніцца ад беларускага, з аднаго боку, паблажлівым стаўленьнем да карупцыі, але зь іншага, культурай кампрамісу. Украіна нагадвае пасьляваенную Італію. Там урадавая чахарда і нават карупцыя не заміналі эканоміцы й культуры дынамічна разьвівацца.

Украінскай дэмакратыі ад праўдзівай дэмакратыі яшчэ далёка. Перакупка дэпутатаў ці выкарыстаньне вулічных мэтадаў ціску застаюцца звычайнай зьявай.

Хоць палітыкі і заяўлялі ў суботу аб тым, што мабілізавалі на сваю падтрымку сотню тысяч выбарцаў, украінскае грамадзтва застаецца пераважна пасіўным. Вайна ідзе ў вярхах.

У сытуацыі грамадзянскай пасіўнасьці вынік процістаяньня будзе залежаць ад пазыцыі сілавікоў і фінансавых магнатаў. Стабілізуючую ролю несумненна будзе мець імкненьне абодвух бакоў да пашырэньня супрацоўніцтва з ЗША і Эўрасаюзам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?