12 гадоў таму набыло моц Шэнгенскае пагадненьне. Акурат у першыя дні ягонага дзеяньня, на пачатку красавіка 1995 году, мне, журналісту, давялося трапіць у Нямеччыну разам з дэпутатам Вярхоўнага Савету Генадзем Карпенкам. Ну як было не скарыстацца магчымасьцю зьезьдзіць на філіжанку кавы ў суседнюю Францыю? :)

Сёньня ўжо ня дзіва, што Эўразьвяз жыве фактычна бязь межаў. Вунь і Літва з Польшчай рыхтуюцца ўвайсьці ў Шэнген. Іхнім грамадзянам стане яшчэ вальней, а вось беларусам клопатаў зь візамі, пэўна, дадасца.

Айчынная тэлевізія любіць паказваць чэргі ля амбасадаў. Паглядзеце, маўляў, як зьдзекуецца цывілізаваная Эўропа. Хаця хто вінаваты? Мы мелі пагадненьне з Эўразьвязам ужо ў 95-м. І сюжэт стасункаў з Брусэлем мог бы разьвівацца зусім іначай, калі б...

Самі ведаеце пра гэтае "калі б".

Зрэшты, слова "Шэнген" ужо не здаецца экзатычным і нашаму вуху. А вось тады, у 1995-м, магчымасьць езьдзіць празь межы, нібы зь Менску ў Ракаў, выглядала фантастыкай. Асабліва для былых савецкіх людзей, выхаваных у атмасфэры жалезнай заслоны ды ўслаўленьня подзьвігаў Мікіты Карацупы. (Даведка для маладзейшых: быў такі стаханавец дзяржаўнай мяжы, што затрымаў са сваім сабакам нейкую шалёную колькасьць шпіёнаў.)

А пра Рэйн за савецкім часам даводзілася чуць пераважна ў войску. Нас жа рыхтавалі да вырашальнай бітвы зь імпэрыялістамі. Казалі: танкі Чырванасьцяжнай Беларускай акругі праз 48 гадзінаў мусяць быць на Рэйне! З назвай гэтай ракі трывала асацыявалася слова "фарсаваць". Ня думалася тады, што пашанцуе зрабіць "кідок праз Рэйн" на звычайным аўтобусе.

Але часы зьмяніліся. І вось увесну 95-га мы зь Генадзем Карпенкам трапілі на нейкі сэмінар у невялікі ўнівэрсітэцкі горад Фрайбург на паўднёвым захадзе Нямеччыны. Натуральна, закарцела выпрабаваць на практыцы той Шэнген. Тым болей што да Францыі рукой падаць.

...Сапраўды, і вокам міргнуць не пасьпелі, як аўтобус, перасягнуўшы па мосьце Рэйн, быў ужо ў Страсбуры. Пашпартоў ніхто не пытаўся. Агледзелі там Эўрапарлямэнт, прадэгуставалі... не, здаецца, ня каву, аддалі перавагу чырвонаму віну — ды і вярнуліся на вячэру ў Фрайбург.

Высокі, вальяжны, усьмешлівы Карпенка адразу зьвяртаў на сябе ўвагу ў любой кампаніі. Празь пяць хвілін усе ўжо рагаталі ад ягоных паблажліва-іранічных жартаў. Падчас перакуру двое грузінскіх сацыял-дэмакратаў зь ліку ўдзельнікаў сэмінару пацікавіліся ў мяне, хто гэта такі.

Я распавёў, што Карпенка быў адным з самых моцных патэнцыйных гульцоў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году (тады яго падвялі са зборам подпісаў).

— А калі ў вас наступныя выбары? — пацікавіліся грузіны.

— У 99-м.

Тады я яшчэ ня ведаў, што выбараў у 1999 годзе ня будзе. Дакладней, сваю альтэрнатыўную кампанію паспрабуе зладзіць апазыцыя. Менавіта ў 99-м зьнікнуць Захаранка, Ганчар, Красоўскі...

У чорным 99-м загадкава абарвецца і жыцьцё самога Карпенкі.

...А тады, 12 гадоў таму, пад ласкавым красавіцкім сонцам мы смакавалі ў Страсбуры чырвонае віно за столікам вулічнай кавярні ды разважалі, ці хутка беларусы стануць вандраваць па Эўропе бязь візаў. Карпенка спадзяваўся, што выбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня зьменяць палітычную сытуацыю на карысьць дэмакратаў.

У горшае ня верылася.

P.S. 6 красавіка споўніцца восем гадоў зь дня сьмерці Генадзя Карпенкі.

НА ЗДЫМКУ з архіву аўтара: Фрайбург, красавік 1995 году. Трэці справа — Генадзь Карпенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?