У савецкія часы сотні беларусаў штогод выпраўляліся ў суседнія рэспублікі скараць імклівыя горныя рэкі Каўказа і Карпатаў. У нашай раўніннай краіне такога экстрыму не знойдзеш. Але ці патрэбная гэтая небяспека падарожнікам, якія паспелі аб’ездзіць усе самыя папулярныя экскурсійныя маршруты Беларусі і цяпер хочуць новых уражанняў? Для іх дастаткова размеранага падарожжа на байдарках па беларускіх рэках. Менавіта таго, што і прапануюць айчынныя турфірмы.

Маршрутаў пад 20 — Бярэзіна, Вілія, Дрыса, Іслач, Нёман… Нашы рэкі сустракаюць турыстаў кожныя выходныя. Расклад падарожжаў можна знайсці на сайтах арганізатараў.

Як выглядае традыцыйны расклад трохдзённага тура? Звычайна падарожнікі выязджаюць з Мінска ў пятніцу пасля заканчэння працоўнага дня. Іх чакае вечар знаёмстваў на беразе ракі са зборам байдарак і начлег ў намётах. Субота прысвечана непасрэдна сплаву на байдарках з перапынкам на абед. Нарэшце, у нядзелю падарожжа па вадзе працягваецца да абеду, а ўвечары група вяртаецца назад у Мінск.

За гэтыя дні ўдаецца праплыць на байдарках 30-50 кіламетраў.
Падчас большасці з падарожжаў прадугледжаны «гістарычныя» прыпынкі. Напрыклад, для Бярэзіны гэта Брылеўскае поле, дзе войска Напалеона страціла каля 20 тысяч жаўнераў, а Расійская імперыя — яшчэ 6 тысяч чалавек. А на Іслачы можна наведаць рэшткі палаца Тышкевічаў XVII стагоддзя і пяцісотгадовы дуб.
Падарожжа каштуе $70-80 на чалавека.
У гэты кошт уваходзіць пракат рыштунку і харчаванне на працягу падарожжа. Калі прыходзіць са сваёй байдаркай ці хаця б са спальнікам альбо намётам, некалькі даляраў можна ашчадзіць.

Папулярнасцю карыстаюцца і карпаратыўныя паходы. Дзе яшчэ, як не ў водным падарожжы, можна па-сапраўднаму ўліцца ў калектыў?

***

Як арандаваць цеплаход

Турыстычныя паслугі аказваюць і цеплаходы ў беларускіх партах. Іх дзесяць: Брэст, Пінск, Гомель, Мазыр, Рэчыца, Мікашэвічы, Гродна, Магілёў, Бабруйск і Віцебск. Цеплаход на хаду каштуе арандаваць 450-700 тысяч рублёў за гадзіну, а на стаянцы — 310-450 тысяч.

Адзіночным турыстам выгадней пакатацца на рэйсавых цеплаходах, якія злучаюць Гомель, Магілёў, Пінск і Лоеў з суседнімі вёскамі. Кошт праезду складае 7-22 тысяч рублёў.

Пра водныя паходы агенцтва «Кола падарожжаў» можна прачытаць на сайце bytur.by

Мінск, вул. Кульман, 1, літэр Ж 4/К, корп. 3, офіс 42.

Тэлефоны 8-017-290-99-98, 8-029-690-99-79, 8-029-590-99-83

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?