***
Ты кляштар мой, і вежа, і турма —
без веку я заточаны ў табе
штодня гадаць, у чым мая віна.
Мінае дзень. Другі. Гадзіна б’е.

Над лямпаю бяссоннаю маёй
жывых пялёсткаў сцелецца імжа,
сцяжыны ўсе пабраліся травой,
замкі угрампавала мне іржа.

А ты спяшайся краскі ў лузе рваць
і свет сукенкай жоўтаю дражніць
над прорваю дарожнага ірва,
пад прорваю нябёснаю у жы-

це. П’ю наша прагорклае віно!
За радасць ці за боль? А! Ўсё адно…

***
Ты рэчка мая, і таму не спыняйся ніколі,
вазьму цябе злёгку ў далоні, нібы ў берагі —
мне так даспадобы і ўпартыя словы твае,
і сваволя,
і вецер сукенкі тваёй, што заблытаўся ў хвалях тугіх.

Я стаў невідзімкай, глядзі, ўжо мяне
ахінае празрыстасць,
мне вечна цябе даганяць і не помніць сябе —
то белым аленем ляцець, то ваўком
босым рыскаць,
а мо залатым акунём у віры твае падаць
глыбей і глыбей.

***
Ты сон. І дажджы за акном, як мана.
Засну, ты мяне прыхінеш непрытомнай
рукою.
Залева грыміць. А сон я гляджу давідна,
дый потым, напэўна, ужо не прачнуся
ніколі.

Усе закаханасці — крохі малыя з аднога
стала,
дзе вечнае свята, дзе п’юць за цябе кавалеры,
дзе мудрыя словы сцякаюць, як мёд, спакваля,
дзе слава твая шуміць праз вякі,
як залева.

Халодныя словы вясновага злога
дажджу — яны не пра нас, дый славы тваёй
не памножаць… Я проса ў абдымках ад слоты
цябе ашчаджу,
я вочы заплюшчу, каб верыць, што ты
засталася з імною.

***
Я дагэтуль цябе не забыўся,
і за год мне не стала лягчэй,
бо тваіх завушніц лістападам,
бо зялёным, як вецер, паглядам,
запаволеным рухам плячэй
я дагэтуль усмак не напіўся.

Ты ідзі. Я цябе прычакаю.
Ці гуляй. Ці ў каханні згарай.
Мне не трэба ні ласка, ні літасць —
нібы цвік, ты мне ў сэрца забіта.
Вось ключы. Яны ў пекла і ў рай.
…Твае пальцы ў далоні прымаю.

***
Трывожна дыхае акно,
матыль спалоханы ўлятае,
гарбата стыне, і за мной,
як шклянка, ноч стаіць пустая.

Ці я прысніў? Ці так было?
Скакалі конікі ў далоні,
азёраў плавілася шкло,
і беглі белых хваляў коні,

што нават сёння мне чуваць
найменшы шолах гэнай ночы,
і з цішыні ў душу глядзяць
твае егіпецкія вочы.

***
Я лёс чытаў з тваіх таемных рунаў,
як быццам бы мелодыю цішы,
калі язык кранаў вільготных струнаў,
то рэха яе чулася ў душы.
Ці нам пятнаццаць? Ці крыху за сорак?
Вось целы проста перайшлі на «ты»,
і ты нарэшце забываеш сорам,
гарачыя вуглі глытаюць рты.
Ты быццам п’еш, закідаваеш голаў,
маім святлом пранятая наскрозь,
як толькі што народжаная, голая,
і ўлонне працяла зямная вось.
І целам зацалованым, як хворая,
бярэш да дна, да самых горкіх слёз —
нам душы ўсіх жанок спяваюць хорам,
і час прапаў, кіруе светам лёс.

***
Каханая, як хораша згарэць
І ўжо зусім нікому не належаць!
Пялёсткамі зямлю ўсцілае смерць
І лічыць зоры на высокай вежы.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?