Галоўны рэдактар газеты «Прессбол» Уладзімір Беражкоў лічыць палітычна матываванай адмову ў акрэдытацыі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на Алімпійскіх гульнях у Лондане, піша Радыё Свабода.

«Спорт не павінен быць замяшаны з палітыкай. Лукашэнка — старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны, і старшыня мае права прысутнічаць на Алімпійскіх гульнях.

А забароны з палітычных прычын я, на жаль, не разумею.
Чаму ў Кітаі яму можна прысутнічаць, а ў Англіі нельга? Найперш гэта ўплывае на імідж Міжнароднага алімпійскага камітэта, які фактычна распісваецца ў тым, што Алімпійскія гульні ператварыліся ў палітычны інструмент. Альбо трэба заявіць, што гэта палітычны інструмент, і больш не гуляць у гэтыя гульні. Альбо трэба дзейнічаць згодна з правіламі МАК і Алімпійскай хартыі».

Нагадаем, што сёння ўлады Вялікабрытаніі пацвердзілі, што Аляксандр Лукашэнка не акрэдытаваны на Алімпійскія гульні ў Лондане.

«Прэзідэнт Лукашэнка знаходзіцца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд у ЕС з прычыны ягонага ўдзелу ў парушэнні міжнародных стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 года, а таксама падаўленнем грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.
Гэта забарона застаецца ў сіле і будзе дзейнічаць падчас Алімпійскіх гульняў. Рашэнне па гэтым пытанні не будзе зменена»,

— паведамілі ў пасольстве Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0