Так пакуль выглядае першы беларускі гольф-клуб.

Так пакуль выглядае першы беларускі гольф-клуб.

«Нотынгем»

«Нотынгем»

«Грынвіч»

«Грынвіч»

На выдзеленай плошчы пабудуюць і «Зялёны Бор», і «Грынвіч», і «Нотынгем».

На выдзеленай плошчы пабудуюць і «Зялёны Бор», і «Грынвіч», і «Нотынгем».

Прастора на ўсход ад Мінска доўгі час заставалася пустой плямай на мапе. Пакуль усё астатняе заМКАДдзе забудоўвалася катэджнымі пасёлкамі ці сталічнымі мікрараёнамі, тут стаяла глыбокая цішыня. Два заказнікі, стары аэрапорт Ліпкі, танкавы палігон ды хаатычна раскіданыя жыллёвыя кааператывы — вось і ўсё цяперашняе багацце гэтай часткі прысталічча.

Аднак ласы кавалак зямлі не мог доўга заставацца пустым. І вось некалькімі ўказамі яго элегантна падзялілі на трох інвестараў, без аўкцыёнаў і іншых фармальнасцей. Права пабудаваць раёны «Грынвіч», «Нотынгем» і «Зялёны Бор» атрымалі невыпадковыя людзі. Хто яны?

Пасёлак арыстакратаў

Цьмяная гісторыя будаўніцтва гольф-клуба пачалася ў 2007.
Тады Аляксандр Лукашэнка выдаў указ, які гарантаваў сумеснаму расійска-беларускаму ТАА «Гольф-клуб» разнастайныя льготы. Кампанія атрымлівала зямельныя ўчасткі без аўкцыёну, магла абіраць пастаўшчыкоў і падрадчыкаў без правядзення таргоў, праводзіць будаўніцтва па нарматывах Расіі і ЕС і гэтак далей. Дарэчы, яшчэ два пункты ўказа былі схаваныя грыфам «для службовага карыстання». Кошт будаўніцтва ацэньваўся ў $125 мільёнаў.

Праект ствараўся англійскімі архітэктарамі, найлепшымі спецыялістамі ў сферы гольф-будаўніцтва. Дарэчы, у 2007 беларусы ездзілі на экскурсію ў гольф-клуб у падмаскоўным Нахабіне. Адметна, што гэты элітны клуб належыць Міністэрству замежных спраў Расіі.

Гольф-клуб на доўгі час знік з навінных стужак, пакуль у канцы 2011 не было ўрачыста аб’яўлена — першае маленькае поле гатовае для гульняў.
Спецыялісты тады пасмяяліся: хто адкрывае поле позняй восенню? А ў маі 2012 гольф-клуб трапіў у зводкі здарэнняў — на месцы будаўніцтва знайшлі баявую міну часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Тым часам забудоўшчык вырашыў назваць свой раён «Грынвіч» — як англійскі горад. У ім будзе 66 катэджаў, гатэль, рэстаран, акадэмія гольфа і некалькі крамаў.

Карэспандэнт «НН» дабраўся да месца будаўніцтва гольф-клуба, каб паглядзець на свае вочы, як вядуцца працы. Шлагбаўм, металічныя вароты, некалькі пастоў аховы з сабакамі — аказваецца, вось так сцерагуць паўпустую пляцоўку.
На пытанне, ці прымае гольф-поле гульцоў, ахоўнікі доўга рагочуць і апісваюць сітуацыю нецэнзурна: «Ф...ня! Паказуха, а не поле!». А вось сярод будучых уласнікаў катэджаў яны ўжо нібыта бачылі вядомых людзей.

У офісе «Гольф-клуба» пацвярджаюць — продаж участкаў ідзе актыўна. Ужо знайшлі сваіх гаспадароў 18 з 40 катэджаў. Праўда, ніводзін дом яшчэ не пабудаваны. У адрозненне ад суседняга «Нотынгема», у «Грынвічы» будуць толькі катэджы коштам ад $250 тысяч. Варта ўлічваць, што кліент аддасць грошы непасрэдна за дом, а выкупляць зямлю па кадастравым кошце давядзецца асобна.

Англійскі раён пад еўрапейскімі санкцыямі

Яшчэ адзін праект з англійскай назвай, «Нотынгем», з’явіўся ў 2008, пасля праведзенага падчас лібералізацыі Беларускага інвестыцыйнага форума ў Лондане. Нотынгем — англійскі пабрацім Мінска. Аб’ём інвестыцый ацэньваўся ў гіганцкія $750-800 мільёнаў.

За гэты кошт на тэрыторыі 290 гектараў мусіла паўстаць 850 тысяч квадратных метраў жылля для 21 тысячы чалавек.
Згодна з праектам, вышыня шматкватэрных дамоў не перавышае пяць паверхаў. Для аматараў індывідуальнага жылля было запланавана 150 катэджаў. Даволі сімпатычны архітэктурны праект быў распрацаваны «Белархпраектам» пад кіраўніцтвам Аляксандра Канаваленкі.

Права будаўніцтва атрымала кампанія «ЮнівестБудІнвест», падраздзяленне кампаніі «Юні-вест-М» расійскага мільянера Анатоля Тарнаўскага. Ягоную дзейнасць у Беларусі можна апісаць некалькімі фактамі: займаўся продажам нафтапрадуктаў, спансаваў Прэзідэнцкі спартыўны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі, у кампаніі працавала Дзмітрыева жонка Ганна. У выніку трапіў пад санкцыі Еўрасаюза.

Ці то менавіта праз санкцыі, ці то праз адсутнасць свабодных грошай (а «ЮнівестБудІнвест» працягвае будаваць комплекс «Каскад» у цэнтры Мінска), работы рухаюцца надзвычай марудна. Праект пачаў рэалізоўвацца яшчэ ў 2008, але праз чатыры гады ідуць толькі яшчэ «праектныя працы па будаўніцтве інжынерных камунікацый».

Другі «Зялёны Бор»

Не мог застацца без свайго пасёлка і гаспадар «Трайпла» Юрый Чыж. Яму выдзелілі месца каля пасёлка «Калодзішчы-2» і даручылі пабудаваць фактычна новы горад на 160 тысяч жыхароў і 60 тысяч працоўных месцаў.
Мільянер аказаўся адзіным, хто сутыкнуўся з пратэстамі мясцовых жыхароў. Ім катэгарычна не спадабалася ідэя чыноўнікаў. Тым больш што для яе рэалізацыі давядзецца парушыць шэраг законаў і нормаў. Напрыклад, пракласці чыгунку праз заказнік «Сціклева», высекчы лес для будаўніцтва ТЭЦ. Апроч таго, хуткасная магістраль, якая звяжа сталіцу, тры элітныя раёны і аэрапорт «Мінск-2», пройдзе па гаражным кааператыве, таму каля 800 гаражоў давядзецца пусціць пад знос. Людзі сабралі 1500 подпісаў і чакаюць рэакцыі ад чыноўнікаў.

Праект быў прэзентаваны зусім нядаўна, таму казаць пра кошт нерухомасці ў раёне Юрыя Чыжа пакуль што яшчэ рана.

Назва «Зялёны Бор» ужо прадстаўлена на мапе Мінска. Аднайменны экалагічны пасёлак пабудавала кампанія «А-100». Яе кіраўнік, бізнэсмен Аляксандр Цэнтар, спрабаваў адстаяць найменне, якое ўжо стала брэндам, і нават запатэнтаваць яго. Аднак ягоны голас так і не быў пачуты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?