Яшчэ пару гадоў таму на прылаўках беларускіх крамаў стаялі пераважна замежныя сокі, перадусім расійскія і ўкраінскія. У 2008 айчынныя мелі толькі 30% рынку.

Рэвалюцыю зрабіла дзяржаўная праграма імпартазамяшчэння.
Адміністратыўныя метады (напрыклад, мыта на ўвоз сокавага канцэнтрату ў 2009 стала нулявой) разам з рынкавымі крокамі (згода на прыход замежных інвестараў) стымулявалі развіццё вытворчасці ў Беларусі.

Для людзей змянілася мала што. Фактычна яны спажывалі ўсё той самы канцэнтрат — найчасцей завезены з Ізраіля, — які цяпер, праўда, разбаўляўся вадой на тэрыторыі нашай краіны. Выключэнне складаюць хіба што яблычны, таматны, слівавы і бярозавы сокі, сыравіна для якіх ёсць і ў Беларусі.

У выніку за студзень—май 2012 года доля беларускіх сокаў і нектараў у продажы дасягнула 80,1%. Растуць і аб’ёмы спажывання. За год кожны беларус у сярэднім выпіваў па 10 літраў соку.

«Старая крэпасць» (брэнды «Сочны» і «Exotic»)

Найбуйнейшым гульцом на рынку з’яўляецца бабруйская «Старая крэпасць». Яе ўласнік —інвестыцыйная кампанія Detroit Investments.
Праўда, амерыканская яна толькі па месцы штаб-кватэры. Яе ўласнікі — расійскія мільянеры Аляксандр Ліўшыц і Яўген Кашпер, якія ў сярэдзіне 1990-х стварылі гэтую кампанію для інвестыцый у піўны бізнэс.

З піва Detroit Investments пачала працу і ў Беларусі, калі на яе грошы ў Бабруйску ў 2004 годзе была запушчана вытворчасць піва «Сябар». Ля вытокаў вытворчасці стаяў бізнэсмен Сяргей Левін — спецыяліст па раскрутцы і далейшым продажы кампаній. Усяго за год працы «Сябра» марка «Баброў» заняла другое месца ў краіне па продажах. У 2007 бабруйскую піваварню купіў галандскі «Хайнэкен», а Левін, Ліўшыц і Кашпер заняліся ў гэтым самым горадзе сокамі, уклаўшы $20 мільёнаў. Яшчэ $40 мільёнаў дала Міжнародная фінансавая карпарацыя.

Утвораная імі «Старая крэпасць» выходзіла на рынак з напалеонаўскімі планамі — выпускаць 70 мільёнаў літраў соку за год. Поспех быў дасягнуты хутка.
Вытворчасць «Сочнага» пачалася вясной 2008, і ўжо да канца года ён стаў самай папулярнай сокавай маркай у краіне. Спадабалася беларускам і рэклама кампаніі — дасціпны хлопчык Улад са шклянкай «Сочнага» ў руках два гады запар прызнаваўся самым папулярным брэнд-вобразам.

А Сяргей Левін у канцы 2011 пакінуў «Старую крэпасць», якая кантралявала ўжо больш за 30% рынку, каб сканцэнтравацца на наступным праекце — вытворчасці пральнага парашку «Мара».

«Кока-Кола» (Magic Summer, Rio, Joy; расійскія Rich, «Добры», «Мая сям’я», «Да!» )

Карпарацыя «Кола-Кола» трымае другое месца на рынку сокаў, займаючы каля 20%.
«Наша Ніва» расказвала пра кампанію ў папярэднім нумары газеты, адзначыўшы паспяховасць яе мінеральнай вады «БанАква». Нагадаем, што беларуская «Кока-Кола» ўваходзіць у холдынг Coca-Cola Hellenic, каля чвэрці акцый якога належыць амерыканскаму офісу, а яшчэ столькі ж — грэчаскаму інвестару.

«Кока-Кола» летась шчыльна занялася беларускім рынкам сокаў, калі за $5 мільёнаў набыла смалявіцкую кампанію «Вланпак» (брэнды Magic Summer, Rio і Joy). Аднак і раней у нашай краіне актыўна прадаваліся сокі, якія выпускаюцца расійскімі кампаніямі, скупленымі «Кока-Колай» — «Добры», «Мая сям’я» ды іншыя.

«Фірма ABC» (ABC, Florida)

53-гадовы ўраджэнец Пскоўскай вобласці Іван Маісееў — адзін з самых багатых жыхароў Гродна і ўласнік «Фірмы АВС». Ягоная кампанія існуе з 1995, вырабляе маянэзы, кетчупы і разнастайную кансерваваную прадукцыю, у тым ліку і сокі.

З дапамогай «Фірмы ABC» прыйсці ў Беларусь спрабавала амерыканская карпарацыя PepsiCo. Партнёры наладзілі ў Гродне ліцэнзійную вытворчасць соку «Прывет», аднак праз год супрацоўніцтва было згорнута, бо PepsiCo накіравала ўсе высілкі на куплю вялікай расійскай кампаніі «Вім-біль-дан». Маісееў, у сваю чаргу, працягнуў выпускаць сок ABC, а нядаўна стварыў яшчэ адзін брэнд — Florida.

Гандлёвы дом «Нёман» у цэнтры Гродна — яшчэ адзін актыў расійскага бізнэсоўца.

«Савушкаў прадукт» («На100ящий», «Монцік»).

Каля 5% на рынку сокаў мае і брэсцкі мільянер Аляксандр Машэнскі. Сокі — дадатковы профіль дзейнасці бізнэсоўца, уласніка рыбнага «Санта-Брэмара», малочнага «Савушкавага прадукту», сеткі крамаў «Санта» ды іншых прадпрыемстваў.

Лічба «100» у назве ягонага брэнда «На100ящий» не павінна ўводзіць у зман. Далёка не кожны з напояў мае 100% долю пладовай часткі.

«Дзяржаўныя» сокі

Нарэшце, некаторыя прадпрыемствы застаюцца пад кантролем Белдзяржхарчпрама ці абласных арганізацый. Напрыклад, на кансервавым заводзе ў Клецку выпускаюцца часам выдатныя сокі «Непаседа», «Наш», «Leto», у Барысаве — «Асалода». У гэты пералік можна дадаць і «Юнік», які выпускаецца мінскім «Гармалзаводам №2». Гэтыя брэнды займаюць да 1-2% рынку, але ўсё адно могуць быць цікавыя для інвестара.

***

Пепсі ў Беларусі

Амерыканская карпарацыя PepsiCo, якая валодае заводамі ў Расіі і ва Украіне, прадае на тэрыторыі Беларусі прадукцыю сокавых брэндаў «Я», «Тонус», «Фруктовы сад», «Любімы», «Сандора», «Садочак». Досвед працы з гродзенскай «Фірмай АВС» аказаўся няўдалым.

Сок ці нектар?

У нектарах мінімальная маса пладовай часткі складае ад 25% (бананавы, манга) да 50% (яблычны, апельсінавы, персікавы, ананасавы і іншыя). У соках з цукрам — як мінімум 85%. У натуральных соках пладовая частка складае 100%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?