Здараюцца ў нашым жыцці такія падзеі, якія мала хвалюць грамадства, але лепш за любыя апакаліптычныя прадказанні сведчаць пра тое, што грамадства ў нашай дзяржаве фактычна няма.

Нядаўняе судовае разбіральніцтва па справе так званых «невыязных» яскрава сведчыць пра тое, што і дзяржавы ў нас няма. Той дзяржавы, якая ствараецца для патрэбаў грамадства, абслугоўвае ягоныя інтарэсы і ахоўвае іх ад незаконных, неканстытуцыйных памкненняў.

Што ж тады ёсць?

Ёсць «адпаведныя органы»… Тое, што ўмоўна можна назваць «пятай уладай».

Вось вы ў цалкам адпаведным закону і Канстытуцыі парадку займаецеся праваабарончай дзейнасцю, без якой, дарэчы, не існуе ў сучасным свеце аніводная цывілізаваная дзяржава, нават цывілізацыя ўвогуле. Такая дзейнасць не дыхае ў замкнёнай прасторы, без міжнародных адносін, бо абарона правоў чалавека — праблема сусветная. І сусветная, без межаў паміж краінамі, мэта. Карацей кажучы, праваабаронцы проста павінны ў нашых з вамі інтарэсах ездзіць па свеце… І раптам паміж імі і грамадствам, паміж імі і дзяржавай дробным, нібыта шашаль, свярдзёлкам угрызаецца нейкая «адпаведная служба», якой пофіг сапраўдныя грамадскія і дзяржаўныя інтарэсы. Спачатку яна ставіць «жалезную заслону», а потым тлумачыць яе нейкай «тэхнічнай памылкай»…

У паўзабытыя камуністычныя часы з так званымі «дырэктыўнымі органамі», з пільнай «адпаведнай службай» можна было сутыкнуцца на кожным кроку.
Ды і не хаваліся яны асабліва, дакладна ведаючы, што законы ёй не пісаныя і не будуць пісаныя ніколі…

Потым моцным і бадзёрым «левым маршам» мы прайшлі кароткі курс дэмакратычнай палітпісьменнасці. І, нарэшце, даведаліся, што разумны, добры і вечны лад дзяржаўнага жыцця магчымы толькі пры наяўнасці аж чатырох улад. Першая стварае законы, другая іх выконвае, трэцяя сочыць за іх выкананнем, ахоўвае ад парушэнняў і судзіць, калі што не так. Ну, а чацвёртая інфармуе грамадства пра ўсё, што адбываецца на айчынных прасторах, у іншых уладах таксама, і выводзіць на святло божае ўсё, што прагне схавацца ў цяні…

Потым чалавека, што стаміўся ад барацьбы за капеечнае існаванне і забыўся ў салодкім сне ўспамінаў аб «жалезным парадку», пераканалі ўсё ж, што адна, але палымяная, улада лепей — сама за ўсіх усё зробіць, сама ўсім усё раскажа і сама за ўсё ўсіх пакарае…

І да ўсіх гэтых гістарычных метамарфозаў з нязрушнай жыццяздольнасцю прыстасоўваецца «пятая ўлада»
. Хто-хто, а яна добра ведае, што мы не ўмеем, ды і не вельмі імкнемся жыць па законе. Лёгка пагаджаемся з тым, што нехта абавязкова павінен наладжваць жыццё пад сябе, пад свой бессмяротны інтарэс. У псеўдарыначных абставінах — грашова небескарыслівы…

Хто ж гэты «нехта»? Чыноўнік? Але чыноўнік — гэта вялікае дабро для любой дэмакратычнай дзяржавы, яе апорная канструкцыя. Без чыноўніка яна не здолее абслугоўваць свайго грамадзяніна і падаткаплацельшчыка, не здолее быць дзяржавай ды ўвогуле быць.

Тады хто?

За час сваёй журналісцкай працы я не аднойчы сутыкаўся з гаспадарамі тых ці іншых, малых ці вялікіх, уладных пакояў.
Памятаю, як аб аднаго з іх спатыкнулася вельмі важная справа. Вось, трос я паперамі, у законе гаворыцца тое і тое… Так, пагаджаўся ён, сціпла панурыўшы позірк, але нехта ж павінен «кіраваць працэсам»… І я зразумеў: калі нармальны чыноўнік абслугоўвае закон, носьбіт «пятай улады» «кіруе працэсам». Сёння — працэсам закручвання гаек. Калі спатрэбіцца — працэсам так званай «лібералізацыі»…

Я не ведаю, хто «кіраваў працэсам» у справе нашых вядомых праваабаронцаў, магчыма, сам Лукашэнка. А, магчыма, які-небудзь клерк з Мінюста, МУС ці КДБ — спачатку незаконна ўнёс іх прозвішчы ў спісы «невыязных», а потым павынаходніцку прапанаваў выйсце ў выглядзе «тэхнічнай памылкі.» І тут я не бачу розніцы паміж прэзідэнтам і апошнім клеркам.

Бо абодва яны — стваральнікі і нявольнікі хлуслівай Сістэмы, што завецца «пятай уладай».

Уладай, якая ў адсутнасці чатырох іншых застаецца адзінай.

Што насамрэч завецца дыктатурай, як ні круці…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?