Інфармацыя пра магчымы байкот беларускімі спартсменамі летняй Алімпіяды з-за забароны на ўезд у Вялікабрытанію Аляксандру Лукашэнку з’яўляецца «поўнай лухтой», заявіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч.

«Тут, у Алімпійскай вёсцы, ніхто не звяртае ўвагі на знешнія раздражняльнікі, што выходзяць ад СМІ і інтэрнэту, — сказаў прадстаўнік Мінспорту. — Працягваецца планамерная праца па падрыхтоўцы да ўдзелу ў Гульнях. Сёння (25 ліпеня) у аэрапорце „Гатвік“ мы сустрэлі вялікую групу нашых спартсменаў. Зусім няма жадання траціць энергію на нейкія рэчы, якія не маюць дачынення да галоўнага».

Пра магчымы дэмарш беларускіх спартсменаў паведамілі 25 ліпеня розныя інтэрнэт-рэсурсы.
«Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку адмоўлена ў выдачы алімпійскай акрэдытацыі. Беларускія спартсмены могуць зняцца з Алімпіяды ў Лондане. Дыпламатычныя колы лічаць, што такім чынам Лондан «публічна дэманструе нянавісць да Лукашэнкі», а цяперашнія падзеі з’яўляюцца «водгаласамі палітычных войнаў», — напісала, у прыватнасці, Газета.ру.

Алімпіяда ў Лондане пачынаецца 27 ліпеня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?