Жыхары пасёлка Ждановічы абураюцца, што санаторый «Крыніца» агарадзіў значную частку пляжа, пакінуўшы ім невялікі ўчастак для адпачынку.

Агароджа на пляжы ў Ждановічах з'явілася два гады таму. Спачатку гэта была звычайная сетка-рабіца, якую пры жаданні лёгка можна было пераадолець.

Сёлета санаторый паставіў 2-метровы металічны плот, які на некалькі метраў выходзіць у ваду.

Жыхары пасёлка скардзяцца, што не могуць, як раней, гуляць з дзецьмі на набярэжнай, якую яны лічаць сваёй. А таксама, што санаторый ім пакінуў мала месца на пляжы.

Вось што распавяла НН мясцовая жыхарка Ала Пятровіч:

«У Ждановічах няма ніякіх забаўляльных установаў. Адзінае — гэта прырода. Таму ў жыхароў быў такі маршрут: мы ішлі да «Крыніцы», праходзілі набярэжную, прыгожа, спакойна. Дыхалі паветрам і ішлі дамоў. Там у асноўным мамы з дзеткамі».

Пасля таго, як з'явілася агароджа, жанчына напісала ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. Там яе зварот перанакіравалі ў Мінскі райвыканкам. Той пастанавіў санаторыю звярнуцца ў РУП «Белгіпразем» для вызначэння дакладных межаў участка, а таксама «па магчымасці забяспечыць бесперашкодны праход грамадзянам» (гл. фота дакумента).

Аднак плот застаўся на месцы. Ала Пятровіч патэлефанавала ў санаторый. Па словах жанчыны, ёй груба адказалі, маўляў, чаго прычапіліся да санаторыя? Хадзіце адпачываць у Адміністрацыю прэзідэнта. Жанчына прапанавала кампрамісны варыянт: няхай санаторый удзень пускае мясцовых, а на ноч замыкае брамку. У адказ яна пачула наступнае: «Будзеце вякаць, зачынім увесь пляж, гэта ўся наша тэрыторыя».

Намеснік галоўнага доктара санаторыя «Крыніца» Аляксандр Волкаў сцвярджае, што сапраўды санаторыю належыць увесь пляж. Ён паказаў НН карту, на якой відаць, што межы санаторыя ўключаюць узбярэжжа вадаёма.

Больш за тое, тэрыторыю за металічным плотам санаторый хацеў бы аддаць мясцовым уладам, а тыя яшчэ і не хочуць яе забіраць. Бо цяпер санаторый за свой кошт прыбірае тэрыторыю за плотам. Калі зямля адыдзе сельсавету, ужо мясцовыя ўлады абавязаны будуць дбаць пра ўпарадкаванасць месца адпачынка. А ў мясцовых улад у Беларусі мінімум грошай.

З словаў Волкава вынікае, што

санаторый не толькі не забраў, а наадварот, аддае сваё!
На думку намесніка кіраўніка, гэта і ёсць кампрамісны варыянт падзела пляжа.

«У нас сёння адпачывае 90% замежнікаў. Ім не патрэбныя староннія людзі, які п'юць і кідаюць бутэлькі, хуліганяць і гэтак далей. Людзі плацяць такія грошы!».

З гэтым катэгарычна не згодны мясцовы жыхар Сямён Казлоў. Набярэжная вадаёма адносіцца да земляў агульнага карыстання і не можа быць у прыватнай уласнасці. Ён спасылаецца на зямельны кодэкс і канстытуцыю краіны.

Настойлівасці гэтага 78-гадовага мужчыны ў жаданні вярнуць пляж жыхарам пасёлка можна пазайздросціць. Куды толькі ён ні пісаў: у пракуратуру, парламент, канстытуцыйны суд і нават КДБ.
Апошнія адпісаліся, што
«заява аб супрацьпраўным агараджэнні санаторыем «Крыніца» прагулачнай дарожкі ўздоўж берага і закрыцці праходу да вадапада не ўваходзіць у кампетэнцыю органаў дзяржбяспекі».
Першы свой ліст за подпісам больш чым 30-ці чалавек Сямён Казлоў даслаў у Адміністрацыю прэзідэнта яшчэ да выбараў 2010 года. Адтуль ліст трапіў у Мінскі аблвыканкам.
Улады прызнаюць за санаторыем права паставіць агароджу на сваёй тэрыторыі, спасылаючыся, у сваю чаргу, на водны кодэкс.

За два гады змагання Казлоў назбіраў унушальны стос папераў з розных установаў. Калі спачатку ў сваіх лістах ён закранаў толькі пытанне наберажнай, то праз пэўны час, начытаўшыся адказаў чыноўнікаў, ужо дасылаў прапановы па павышэнні эфектыўнасці працы дзяржслужбоўцаў! (фота)

Пакуль плот застаецца на месцы, жыхарам Ждановічаў нічога не застаецца, як загараць на адведзеным ім участку пляжа. А каб трапіць да вадаспада, ідуць на «хітрыкі». Напрыклад, кажуць на прапускным пункце магічнае слова «мы да зубнога».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?