Капэля «Pete‑Paff» дае сольны канцэрт у клюбе «Графіці». «Мы граем невялічкія канцэрцікі ў невялічкіх клюбах, каб не губляць форму і глядзець на рэакцыю слухачоў на нашу творчасьць», — кажа Піт Паўлаў, які абяцае, што 2 красавіка слухачы пачуюць лірычныя матывы разьвітаньня зь зімою і гарачыя танцавальныя рытмы сустрэчы зь вясной...

Праект Pete‑Paff пачынаўся літаральна з трох музыкаў. Зараз ён перарос у сапраўдны аркестар. Месяц таму гурт прэзэнтаваў свой першы альбом, які называецца «Паглыбленьне». Кожны дзень прыносіў новыя ідэі і прыцягваў ў каманду ўсё новых і новых таленавітых удзельнікаў. Акрамя лідэра капэлы Pete‑Paff Піта Паўлава, над плытай працавалі калярытныя пэрсанажы беларускае музычнае сцэны: Андрэй Сапоненка, Яраш Малішэўскі, Алезіс Дземідовіч і інш.

«Мы ўсе вельмі доўга чакалі , калі надыдзе час для сталай канцэртнай дзейнасьці майго музычнага дзіцяці, — распавядае Піт Паўлаў. — На працягу ўсіх трох гадоў эмоцыі абурвалі мяне. Таму, адбыўся наш першы вялікі канцэрт ў межах Беларусі, у мяне амаль не засталося словаў, каб распавесьці пра сваё адчуваньне гэтага моманту... Напэўна, узьнікае пытаньне, чаму за тры гады існаваньня Pete‑Paff не адыграў у Беларусі ніводнага вялікага канцэрту. Проста мы жадалі зрабіць яго ўжо на падставе чагосьці канкрэтнага, дакладней — выдадзенай плыткі. Мы граем невялічкія канцэрцікі ў невялічкіх клюбах, каб не губляць форму і глядзець на рэакцыю слухачоў на нашу творчасьць.»

Капэлю Pete‑Paff вельмі цёпла прымалі ў Польшчы і Нямеччыне, дзе музыкі ўжо адыгралі шэраг канцэртаў. Польскія ды германскія прадусары не аднойчы заўважалі, што ў параўнаньні з астатнімі калектывамі Pete‑Paff сапраўды «ірве» аўдыторыю! Зараз нарэшце і ў беларускіх слухачоў ёсьць магчымасьць паслухаць, паглядзець і адчуць, як абцасы самі сабой пачынаюць пастукваць аб падлогу ў рытме яскравых кампазыцый Pete‑Paff.

2‑га красавіка а 19 гадзіне, клюб «Графіці» (зав. Калініна, 16)
Сольны канцэрт капэлі Pete Paff.

Тузін гітоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0