Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ужываць меры да чыноўнікаў за адсутнасць механізатараў і прастоі тэхнікі. Пра гэта ён заявіў 27 ліпеня ў часе рабочай паездкі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Як даклаў Лукашэнку старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон, у цяперашні час у працэсе ўборачнай кампаніі месцамі ў краіне адзначаецца дэфіцыт механізатараў, з-за чаго асобныя камбайны прастойваюць.

«Там, дзе не хапае механізатараў, трэба выганяць з працы аж да старшыні райвыканкама і аб'яўляць вымову губернатару», — адрэагаваў на гэтую інфармацыю Лукашэнка. Ён папярэдзіў, што калі дзесьці будзе выяўлена, што тэхніка прастойвае з-за галавацяпства, то да адказных за гэта будуць ужытыя дысцыплінарныя спагнанні. «І больш не атрымаеце ні аднаго камбайна на вобласць. Таму што мы (дзяржава) выдатна дапамагаем. А вы іх (камбайны) пад плотам трымаеце», — сказаў беларускі кіраўнік.

Галоўнай задачай падчас цяперашняй уборачнай кіраўнік дзяржавы назваў якасць правядзення работ. Ён таксама адзначыў, што ў аграрыяў ёсць вялікія рэзервы для павышэння эфектыўнасці і культуры земляробства, нягледзячы на значныя вынікі, дасягнутыя ў сельскай гаспадарцы за апошнія гады. «У нас яшчэ вялікія рэзервы ў самой культуры, эфектыўнасці земляробства. Што такое ўраджайнасць 40 цэнтнераў з гектара? Можна мінімум 50 атрымаць. Гэта ж вялікая прыбаўка, яшчэ паўмільёна тон. Пры гэтым не трэба дадаткова ні араць, ні сеяць», — падкрэсліў Лукашэнка .

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?