Ілюстрацыя прамысловага перавароту.

Ілюстрацыя прамысловага перавароту.

У Лондане ў ноч на суботу адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў 2012 года. Цырымонія адкрыцця на Алімпійскім стадыёне ў сталіцы Англіі абяцала быць адной з самых маляўнічых у гісторыі. За пастаноўку шоу ўзяўся вядомы кінарэжысёр і прадзюсар Дэні Бойл, які даў урачыстасці назву «Выспа-цуд».

У аснову ўрачытасці быў пакладзены аповед пра прамысловы пераварот у Англіі ў XVIII ст., які радыкальна змяніў жыццё патрыярхальна-пастаральнае жыццё добрай старой Англіі.
На Алімпійскім стадыёне выраслі самыя сапраўдныя трубы, якія пачалі дыміць.

Потым было паказаныя падзеі ХІХ ст, эміграцыя, згадалі пра загінулых у Першай і Другой сусветных войнах.

Гледачы пабачылі і Джэймса Бонда і Каралеву Лізавету, Бонд (ці Тувія Бельскі — актор Дэніэл Крэйг) зайшоў у Букінгемскі палац, забраў самую сапраўдную Каралеву і правёў у верталёт. Каралеўскія сабачкі міла памахалі лапкамі.

Потым і Крэйг (Бонд) і Каралева з скочылі з верталёта над стадыёнам на парашутах.

Вядома, ролю каралевы ў гэты момант выканала каскадзёрка. Сама ж Лізавета ўрачыста выйшла разам з мужам прынцам Філіпам, герцагам Эдынбургскім, з каралеўскай ложы.
Далей была дзіцячая частка — з Гары Потэрам, Мэры Попінс і Пітэрам Пэнам, чытаннем ад Джоан Роўлінг, і цудоўным перфомансам ад Містэра Біна — Роўэна Аткінсана, які ў сваім фірмовым стылі выканаў партыю сінтэзатара ў знакамітай алімпійскай мелодыі разам з Лонданскім сімфанічным аркестрам.

Потым арэна ператварылася ў вялікую дыскатэку, дзе прагучыла хіты брытанскай музыкі за апошнія 60 гадоў. Ад легендарнай ліверпульскай чацвёркі да Sex Pistols, The Prodigy і да памерлай роўна год таму Эмі Уайнхаўс. Завяршыў ж гэты своеасаблівы музычны блок асабіста стваральнік інтэрнэту cэр Бэрнэрс-Лі. Гэтая частка ўрачыстасці паказвала, як Інтэрнэт можа дапамагчы шукаць людзей.

Потым пачаўся парад краін. Беларусы падаліся нейкімі заціснутымі, а іх касцюмы падаваліся залішне стракатымі. Вёў беларускую дэлегацыю Максім Мірны, які хваляваўся, і сцяг, які нёс тэнісіст, згарнуўся і ніяк не хацеў разгортвацца.

Цікавы таксама наступны момант. Тэлевізійнікі паказвалі паралельна з выхадам той ці іншай каманды, кіраўніцтва краіны на трыбунах. Паколькі Лукашэнку забаранілі ўезд у Брытанію, то і віцэ-прэм’ера Тозіка на трыбунах не паказалі.

Уразіла зборная Чэхіі — яе спартсмены з’явіліся на стадыёне ў гумовых ботах.

Уразіла і адна з вядучых, Інга Хрушчова. Яна мала таго, што не магла сказаць нічога спазнаваўчага, дык яшчэ і бязбожна блытала назвы маленькіх краін.

Гульні-2012 у Лондане, нават да свайго пачатку ўжо адзначаны чарговай перамогай спорту над дыскрымінацыяй. У сталіцу Вялікабрытаніі ў складзе зборных Брунея, Катара і Саудаўскай Аравіі ўпершыню паехалі спартоўкі-жанчыны. Ну, а каманд Бахрэйна і Катара жанчыны і зусім сталі сцяганосцамі.

Таксама цікавы факт — каманда Ганконга ў Лондан прыехала для таго, каб выступіць асобна ад каманды Кітая.

Але не абышлося і без падводных камянёў. Гледачы цёпла сустракалі апладысментамі кожную зборную, якая выходзіла на дарожку арэны.

Але калі на ўсеагульны агляд выйшла каманда Ірана, апладысменты заціхлі.
Гэтую нязвыклую цішыню разбаўляла толькі гучная музыка.

Парад завершыла брытанская зборная. І вось, пасля параду Каралева Лізавета ІІ адной фразай абвясціла Алімпійскія гульні 2012 года адкрытымі. Параўнанняў са Славянскім базарам, ці Еўра-2012, натуральна, яна не праводзіла.

Пасля прамовы Каралевы быў узняты алімпійскі сцяг, які вынеслі знакамітыя чэмпіёны мінулага, а таксама кіраўнік ААН Пан Гі Мун і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру. Да іх далучыўся і славуты ў мінулым баксёр Махамед Алі — цяпер вельмі хворы.

Ну і нарэшце, прыйшоў час для самога ўрачыстага моманту любых цырымоній адкрыцця Гульняў — запальвання алімпійскага агню. Ён зрабіў велізарны шлях ад гары Алімп да Лондана, абышоўшы ўвесь свет і нават космас, цяпер жа яго трэба было даставіць на арэну.

Гэтым заняўся былы капітан зборнай Англіі Дэвід Бэкхэм, які даставіў яго на катары па Тэмзе.
Па ўсім фарватэры агонь сустракалі феерверкі. Паходню Дэвід перадаў знакамітаму брытанцу Стывэну Рэдгрэйву, алімпійскаму чэмпіёну па акадэмічным веславанні.

Алімпійскі агонь запалілі сем маладых алімпійцаў. Гэта было надзвычайна.

Пасля запальвання агню ўвесь Лондан асвяціў феерверк, адгалоскі якога былі бачныя, напэўна, у самых аддаленых кутках Брытаніі.
Далей ужо Пол Макартні даў абяцаны канцэрт, і яму падпяваў ўвесь стадыён. Невядома пакуль, якімі атрымаюцца самі Алімпійскія гульні-2012, аднак адно можна сказаць з упэўненасцю — цырымонія адкрыцця Гульняў была надзвычай прыгожай, без пампезнасці харошай.

* * *

28 ліпеня адбудуцца першыя выступы прадстаўнікоў кулявой стральбы, бадмінтону, настольнага тэнісу, плавання, веласпорту, веславання, коннага спорту, спартыўнай гімнастыкі.

Заўтра, у нядзелю, футбольная алімпійская зборная згуляе з Бразіліяй, у першым матчы беларусы перамаглі Новую Зеландыю 1:0.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?