Мяне папрасілі напісаць пра тое, як я кінуў курыць.
Чамусьці адразу ўзнікла назва, сугучная з назвай знакамітага апавядання Міхася Стральцова «Смаленне вепрука». Калі вепрука смаляць звонку, то Сяржук звыш 40 гадоў упэўнена смаліў уласныя вантробы. «Смаліць» — вельмі трапнае беларускае слова, куды больш трапнае ў адносінах да працэсу і яго наступстваў, чымсьці расійскае «курыць»…
…Упершыню я зацягнуўся дзяручым дымам гадоў у шэсць, калі ў Мінску пайшоў пасляваенны трамвай.Пры чым тут трамвай? А пры тым, што ўвесь канцавы прыпынак ля Заходняга моста, побач з якім я жыў, быў усеяны так званымі «бычкамі» са слядамі крыві з чужых дзёснаў ды жаночай памады. Сёння, калі я ўспамінаю, з якой звар’яцелай ахвотай смактала гэтае паскудства пасляваенная пацанва, я не знаходжу адказу на пытанне, чаму яна не хварэла. Гэта факт: ніхто з маіх дваровых сяброў нічым сур’ёзным не хварэў. Паміраць пачалі потым, гадоў праз дваццаць-трыццаць, яшчэ маладымі. Памёр Воўка Смірноў, вывучыўся на фізіка і памёр — ад раку… Віцька Генкін — выдаў першую кніжку, трэці інфаркт… Выпадковасць? Ці лёс?
А мне пашанцавала. Старэйшыя хлопцы зацягнулі мяне ў цёмны куток сквера, што пры чыгуначным вакзале, паклалі на спіну, загадалі заплюшчыць вочы, заціснуць нос, потым заткнулі ватай вушы, тыцнулі ў рот «бычок» і з усёй моцы пачалі ціснуць на жывот…
Пасля гэтага я закурыў толькі ў студэнцкія 19 гадоў, падчас хрушчоўскай адлігі, калі прыкметай іншага, малавядомага жыцця з’явіліся прыгожыя пачкі балгарскіх цыгарэт «Сонца», «Вега», потым «БТ»…
Што ні кажыце, а гісторыя смалення ў кожнага свая, фактычна гісторыя жыцця. Ці, калі заўгодна, гісторыя хваробы. Што, зрэшты, у вядомым сэнсе адно і тое ж.
І ў гэтым, па-мойму, хаваецца ўвесь цяжар адмовы ад смалення. Не ў нейкай непераадольнай залежнасці ад нікаціну, а ў тым, што страшнавата прызнаць тую сумную акалічнасць, што ўсё самае лепшае, ды і горшае, у жыцці — творчасць, каханне, радасці і пакуты, знаходкі і страты — спалучалася з ілюзіяй, якую дарыў вам, пранікаючы ў лёгкія, скрышаючы сасуды, тытунёвы дым. Вам здаецца, што нішто з таго лепшага, што было ў вашым жыцці, ужо не паўторыцца. І толькі таму, што не паўторыцца асалода ад першай цыгарэты пасля першага ранішняга кубачка кавы…
Абапіраючыся на ўласны досвед, пацвярджаю: не паўторыцца. Як не паўтараецца маладосць.
Затое здзейсніцца нешта новае: свабодны, нарэшце свабодны!
Многім вядомы змрочны падтэкст гэтага воклічу — эпітафіі на магіле Марціна Лютара Кінга, забітага наёмным забойцам.Але сёння, пасля амаль дзесяцігадовай свабоды ад смалення, я ўпэўнены: нават у самага заўзятага курыльшчыка, самазабойцы, па сутнасці, ёсць магчымасць зазнаць на сабе гэтае салодкае пачуццё свабоды і застацца жывым.
Па-першае: аніякага геройства. Ну, смаліў, а зараз не смалю — што ж тут такога звышнатуральнага?
Што яшчэ? Пачаў фіксаваць сітуацыі, калі хацелася пасмаліць. Пра кубачак кавы мы ўжо ўзгадвалі. Далей — тэлефонны званок, ці да мяне, ці я да каго… Потым — руль. Сеў за руль — цыгарэту ў зубы… І г.д., і г.д., і г.д…
І ў першыя ж вольныя ад смалення дні аднекуль з глыбінь падсвядомасці ўзнялося разуменне: смаленне — гэта не фізіялагічная патрэба. Смаленне — гэта штучны, прыдуманы табой рытуал.
Насамрэч — умоўны рэфлекс, амаль па Паўлаву.
Самым цяжкім, безумоўна, выпрабаваннем былі стрэсы. Каму з заўзятых курыльшчыкаў не вядома жаданне адразу засмаліць пасля чарговага нервовага ўзрушэння?!
Апошні, на дзве траціны недасмалены пачак цыгарэт яшчэ доўга валяўся на пісьмовым стале… Мне падабалася, што я практычна яго не заўважаю. Затое яснасці ў адносінах з нервовымі перагрузкамі стала больш. Бо з гэтых адносінаў знік уяўны пасрэднік. І ўся адказнасць за ўласныя рашэнні лягла на вас. І гэта быў сапраўдны, рэальны крок да ўнутранай свабоды і незалежнасці. Калі, вядома, не проста смактаць недакурак, а ствараць са смалення нейкую філасофію, нейкі светапогляд ды лад жыцця...
Недзе праз месяц выйшла з бронхаў апошняя бруднаватая кропля. Амаль па Чэхаву — кропля нявольніка.
P.S. Так, ледзь не забыўся. Пачалося з таго, што знаёмы пратэзіст, зазірнуўшы ў рот, паднёс люстэрка і сказаў: «Бачыш вунь гэтую…? Кінеш смаліць — праз тры месяцы знікне. Працягнеш — сто працэнтаў…»
Сам ён кінуў смаліць адразу пасля таго эпізоду.