Арганізатары «плюшавага дэсанту», прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total, не чакалі такіх сур’ёзных наступстваў ад праведзенай акцыі. Так пракаментаваў БелаПАН учарашнія адстаўкі высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў Томас Мазэці, які пілатаваў лёгкаматорны самалёт, што парушыў дзяржмяжу Беларусі.

«Мы, прызнацца, не чакалі, што наша акцыя будзе мець такія сур’ёзныя наступствы.
Ведаеце, мы зрабілі гэта таму, што любім людзей Беларусі. У вас шмат добрых, смелых журналістаў, і мы проста хацелі паказаць ім нашу падтрымку. Мы ні ў якім выпадку не ставілі за мэту падставіць кагосьці пад звальненне, вымовы. Сэнс нашай акцыі быў у тым, каб паказаць: беларускі народ падтрымліваюць у свеце», — сказаў Мазэці.
На яго думку, звольненыя начальнікі «вінаватыя не больш, чым сам Лукашэнка». «Але прэзідэнт Беларусі спрабуе знайсці кагосьці, на каго можна зваліць віну», — дадаў швед.

Мазэці яшчэ раз падкрэсліў, што ўсю неабходную інфармацыю пра беларускую сістэму СПА ўдзельнікі «плюшавага дэсанту» без цяжкасцяў знайшлі ў інтэрнэце. «Усё, што нам было патрэбна, мы адшукалі ў Сетцы. У беларускай СПА было зусім няцяжка разабрацца, паколькі гэта вельмі старая, не надта добрая сістэма. Нам было нескладана яе абысці», — заявіў супрацоўнік Studio Total.

Ён таксама паведаміў, што арганізатары акцыі спрабавалі выйсці на кантакт з беларускімі афіцыйнымі асобамі, каб інфармаваць іх пра свае дзеянні.
«Але яны чамусьці не хочуць з намі размаўляць. Я не ведаю, чаму», — сказаў Томас Мазэці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?