Купюра 2005 года выпуску. Малюнак на ёй падпісаны Напалеонам Ордай.
Над замкам Радзівілаў — праваслаўны крыж.
Малюнак Напалеона Орды. На ім крыжа няма.
Малюнак Напалеона Орды. На ім крыжа няма.
Нясвіжскі палац на старым фотаздымку.
Банкнота наміналам 100 тысяч рублёў была ўведзеная ў абарачэнне сем гадоў таму — 15 ліпеня 2005 года. Аднак толькі днямі наш пільны cлухач з Нясвіжа заўважыў сенсацыю: на адвароце банкноты на замкавых вежах прымаляваныя… праваслаўныя крыжы!
Хоць сярод князёў Радзівілаў не было праваслаўных! Крыжы добра відаць нават простым вокам — праверце зараз! Хоць у арыгінале, на малюнку Напалеона Орды, зробленым 26 ліпеня 1876 года, добра бачныя радзівілаўскія арлы. Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё».
Дзіўна, але, у Нацбанку крыжы… ніколі не заўважалі. Згаджаецца нешта неафіцыйна патлумачыць Анатоль Драздоў, які 14 гадоў адпрацаваў прэс-сакратаром галоўнага банку краіны, але цяпер ужо мае іншую працу. Спадар Анатоль пацвярджае, што пра крыжы ў Нацбанку гаворка ніколі не заходзіла.
Анатоль Драздоў: «Упершыню чую! Вось вы сказалі — трэба будзе пайсці паглядзець гэтую купюру. У той час, калі я працаваў у Нацыянальным банку, такое пытанне ніхто не задаваў. Ніхто на іх увагі, на гэтыя крыжы, не звяртаў».
Нацбанк трымае ў таямніцы імёны мастакоў, якія працуюць над банкнотамі. Анатоль Драздоў: «Ведаеце, гэта лічыцца таямніцай, дзяржаўнай — прозвішчы мастакоў, якія працуюць над банкнотамі. Такая інфармацыя закрытая, і не толькі ў нас, а ў шмат якіх краінах — дзеля бяспекі гэтага чалавека».
У кожным разе, вінаваціць мастака альбо некага канкрэтна не выпадае, бо любая купюра праходзіць шматступеневую сістэму ўзгадненняў. То бок, прамаргаў (ці спецыяльна не заўважыў) не нехта адзін, а Нацбанк у цэлым.
Анатоль Драздоў: «Любы ўзор новай банкноты зацвярджае праўленне Нацыянальнага банка. У Нацыянальным банку ёсць падраздзяленне, якое па заданні кіраўніцтва банка працуе над банкнотай. Пасля таго, як з’яўляецца ўзор, малюнак — ён зацвярджаецца кіраўніцтвам Нацбанка. Пасля чаго старшыня праўлення ставіць на гэтых узорах свой подпіс — і яны робяцца законным сродкам плацяжоў. Гэта калі каротка, насамрэч працэдура даўжэйшая».
Пытаемся ў Анатоля Драздова, ці рэальна гэта — выправіць нешта на купюры, якая ўжо даўно знаходзіцца ў абарачэнні. Спадар Анатоль прыводзіць у прыклад купюру наміналам 50 тысяч рублёў. Паводле старых правілаў арфаграфіі на ёй значылася «пяцьдзЕсят тысяч», але калі правілы змяніліся, на банкнотах выправілі на «пяцьдзЯсят».
Анатоль Драздоў: «Калі вырашана нешта змяніць — ці ў напісанні нейкіх словаў, ці ў дызайне купюры — прымаецца афіцыйнае рашэнне, пасля чаго выпрацоўваецца новы дызайн ці мяняецца напісанне. Новы ўзор накіроўваецца на фабрыку, дзе друкуюцца грошы. А яны могуць друкавацца ў розных краінах, бо ў нас няма сваёй вытворчасці банкнот. І проста старыя купюры будуць хадзіць нароўні з новымі да свайго фізічнага зносу. Абсалютна нічога складанага няма — 50 тысяч замянілі ж!»
Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца кажа, што перамалёўваць нацыянальную класіку — малюнак Напалеона Орды — варварства.
Рыгор Сітніца: «Ні ў якім разе! Гэта варварства, інакш гэта назваць нельга! Незалежна ад таго, пра што мы гаворым — пра грошы, пра карціну, пра копію карціны… Творы Напалеона Орды — гэта нацыянальная класіка, і адвольна яе трактаваць ніхто не мае права, а тым больш вульгарна трактаваць».
Цікава, а як ставіцца праваслаўная царква да таго, што на замку каталіцкіх князёў Радзівілаў намалявалі праваслаўныя крыжы? У епархіі нас накіроўваюць па каментар да айца Сергія Лепіна.
Айцец Сергій: «Вядома, паводле канонаў, крыжы не павінны выяўляцца на тых аб’ектах, якія не з’яўляюцца царквою».
Аднак айцец Сергій не лічыць, што на гэтым малюнку мастак неяк зняважыў рэлігійны сімвал. Айцец Сергій: «Крыж выяўлены не на канюшні ці нейкім непрыстойным месцы. Мы бачым, што ніякага кепскага жадання ў аўтара не было, не было жадання зрабіць крыўду праваслаўным. Магчыма, нехта западозрыць аўтара ў адваротным — што ён хацеў зрабіць крыўду каталікам. Але я не думаю, што гэта так. Гэта проста, як кажуць, аўтар перастараўся».
Айцец Сергій выказвае меркаванне, што мастак, наадварот, хацеў «зрабіць праваслаўным прыемнае».
Айцец Сергій: «Я не думаю, што тут ідзе гаворка пра нейкую непавагу. Тут мы можам западозрыць аўтара ў адваротным — у жаданні зрабіць нам прыемнае, калі так можна выказацца. Але ясна, што выява ў такім выглядзе не можа прэтэндаваць на гістарычную дакладнасць».
Калі будзе прынятае рашэнне выправіць хібу на купюры, то давядзецца змяняць і пярэдні бок, бо адкрыты пасля рэстаўрацыі замак выглядае ўжо не так.