93+ хвіліна

Фантастыка! Барысаўцы зноў выратоўваюць матч у кампенсаваны час. Мяч у свае вароты зрэзаў Ібрахім Сідзібе. Той самы, што забіў і ў вароты БАТЭ.

91+ хвіліна

Напэўна, апошняя магчымасць БАТЭ зраўняць лік. Свабодны ўдар у штрафной, за тое, што варатар доўга трымаў мяч у руках, разыграны быў бяздарна. Лёгкая патасоўка на полі. У Венгрыі будзе цяжка.

89-я хвіліна

Венгры на траўцы не вяляюцца, як македонцы, таму шмат арбітр не дадасць. Нешта трэба рабіць.

85-я хвіліна

Бязрадасна неяк усё. Зубатасці няма. Не сказаць увогуле, каб у другім тайме БАТЭ меў рэальныя моманты.

Застаецца спадзявацца толькі на такі камбэк, як у гульні з "Вардарам"? Радзівонаў жа на полі.

78-я хвіліна

Васілюку не хапае росту, каб перанакіраваць мяч у вароты. Гульцы «Дэбрэцэна» даволі высокія, на другі паверсе гуляюць упэўнена.

Дарэчы, «Дэбрэцэн» — гэта «чыгуначнікі», такая мянушка ў клуба.

76-я хвіліна

БАТЭ пачынае ціснуць. Добры шанец меў Філіп Рудзік, але мяч трапіў у нагу абаронцы.

Які ўсё ж цяжкі сезон у БАТЭ. Зноў трапляюць у цікавае становішча перад выездам у Венгрыю.

73-я хвіліна

Мазалеўскі прабіў міма. Тым часам на поле выйшаў Раман Васілюк. Замяніў ён Аляксандра Глеба. Трыма нападаючымі будзе гуляць БАТЭ.

Што да Глеба, то ў першай гульні свой зорны статус футбаліст не апраўдаў. Запомніўся некалькімі фінтамі і не больш за тое.

71-я хвіліна

«Дэбрэцэн» выбудаваў жалезабетонную абарону. Трэці вуглавы запар падае БАТЭ, пакуль вынікаў гэта не прыносіць.

67-я хвіліна
Нешта хаатычнае адбывалася на полі. Прызнацца шчыра, то гол у вароты БАТЭ выспяваў. Марка Сіміч чапляў суперніка, але не пераканаўча.
Венгр зрабіў пас на Ібрагіма Сідзібе, які і адкарыў лік — 0:1.
61-я хвіліна

Паўлаў нядаўна выйшаў, а ўжо дагуляўся да картачкі. Трыбуны патрабуюць Васілюка. «Дэбрэцэн» момантамі ў другім тайме выглядае нават больш прывабна за БАТЭ.

58-я хвіліна

Луіса Рамаса на ўсякі выпадак з поля прыбіраюць. Паўгадзіны застаецца ў БАТЭ, каб забіць.

55-я хвіліна

Дарэчы, пераможца гэтай пары дакладна гарантуе сабе еўракубкавую восень, ці ў Лізе чэмпіёнаў, ці ў Лізе Еўропы. Няўдачнік таксама будзе мець шанец трапіць у групу Лігі Еўропы.

Небяспечны штрафны для венгерскіх варот скончыўся добрым ударам абаронцы Марка Сіміча. Зноў крышку не хапае сербу.

Тым часам на замену выходзяць Філіп Рудзік і Аляксандр Паўлаў, замяняюць Арцёма Канцавога і Дзмітрыя Ліхтаровіча.

50-я хвіліна

Другі тайм пачаўся з некалькіх атак «Дэбрэцэна». Не сказаць, што небяспечна, але ж непрыемна. Фанаты ўсё адно ўпэўненыя: «Мы мацней, і мы пераможам».

46-я хвіліна
Паехалі! Другі тайм. Васілюка пакуль не выпускаюць.
45-я хвіліна

Быў момант, што абсалютна ўсе гульцы барысаўскай каманды, апроч Гарбунова, былі на палове поля венграў. Радзівонаў добра выскокваў на чужыя вароты, але прамарудзіў з ударам. Стадыён патрабаваў пенальці, але выглядае, што было згуляна чыста.

Быў яшчэ адзінец на «гол у раздзявальню», але Мазалеўскі не перайграў варатара. Самы востры момант першай паловы гульні. Перапынак.

39-я хвіліна
Рамас Луіс напрошваецца на чырвоную картку. Суддзя Саша Кевер ужо аднойчы пашкадаваў легіянера «Дэбрэцэна». Другі раз можа і не пашкадуе. Трэнеру Элемеру Кондашу ёсць пра што задумацца.
34-я хвіліна
Юрэвіч сёння выйграе спаборніцтвы на самыя гламурныя буцы. Яны ў абаронца бананава-клубнічныя, ці нешта падобнае.

Валадзько тым часам спрабаваў хітра перакінуць брамніка суперніка, якому ў вочы свеціць сонца, крышку не хапіла дакладнасці.

31-я хвіліна
Не хапае БАТЭ вастрыні. Здаецца, і Глеб у складзе, а ўсё адно не хапае.

Фан-сектар на ўзроўні. «Мы барысаўскія фанаты, колеру жоўтага з блакітным», — спяваюць яны. Кузьмічы асабліва не актыўнічаюць. Толькі час ад часу падымаюць уверх жоўта-сінія пакеты з сімволікай БАТЭ.

Рамас Луіс у сукупнасць найграў на картачку.

25-я хвіліна
Глеба ўжо не першы раз б’юць па нагах у цэнтры поля. Абаронцы арганізавалі прыстойную вылазку да чужых валоданняў. Юрэвіч навешваў, а Бардачоў біў галавой — у рукі Іштвана Верпеца. Хоць нейкая небяспека.
21-я хвіліна

Пакуль што «Дэбрэцэн» асэнсаваных атак не праводзіць. Большы націск робіцца на надзейную гульню ў абароне, але і яна дае праколы. Выйсці адзін на адзін з брамнікам мог Радзівонаў, але венгры ў апошні момант разрадзілі сітуацыю.

Хіба што са стандартных становішчаў «Дэбрэцэн» можа выціснуць, але Гарбуноў таксама не спіць. Памятае, што хутка Гутар з Лондана вернецца.

16-я хвіліна

«Дэбрэцэн» гэты, дарэчы, не такі і просты супернік для нашых клубаў. У 1998 з ім у Кубку Інтэртота сустракаўся магілёўскі «Дняпро». Дык венгры выйгралі двойчы. Прычым, дома з лікам 6:0. Праўда, шмат чаго змянілася з таго часу, «Дняпро» нават ужо не ў вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі.

13-я хвіліна

Глеб атрымлівае большасць мячоў у цэнтры поля, звыкла абматвае па паўкаманды, але ў вырашальны момант не б’е і не аддае пас. На 7-ай хвіліне Луіс Рамас ударыў Глеба па нагах. Было балюча, але санкцый ад швейцарскага арбітра не было.

Першая небяспека ўзнікла на 10 хвіліне, калі Валадзько біў злёту, але мяч перавялі на вуглавы. З корнера ж крыху дакладнасці не хапіла Арцёму Радзькову.

***

У рамках трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў барысаўскім БАТЭ прымае венгерскага чэмпіёна. Пасля паразы алімпійскай зборнай у Лондане, усе чакаюць, што БАТЭ зможа парадаваць заўзятараў.

БАТЭ выйшаў на гульню ў сіняй форме, госці — у чырвонай. Нагадаем, што гэта першы матч Глеба за барысаўцаў пасля вяртання на Радзіму. Славуты паўабаронца выйшоў у стартавым складзе. Тады як яшчэ адзін навічок жоўта-сініх — Раман Васілюк — застаўся ў запасе.

З Венгрыі ў Барысаў прыехала каля сямі заўзятараў. Таксама чацвёра журналістаў. На трыбунах мала вольных месцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?