У Беларусі не менш за 7‑10 тысяч доларавых мільянераў, заявіў на днях старшыня праўлення «Пріорбанка» Сяргей Касцючэнка. Грамадству вядомыя адзінкі: футбаліст Аляксандр Глеб, хакеіст Руслан Салей, тэнісіст Максім Мірны, яшчэ некалькі чалавек. А дзе астатнія тысячы?

Еўрарадыё паспрабавала знайсці беларускіх багацеяў. Хутчэй за ўсё, большасць мільянераў, якія складаюць тую лічбу, зарабляюць грошы нелегальным шляхам. Такой думкі прытрымліваецца, да прыкладу, і прэзідэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгій Бадзей:

«Я вельмі сумняюся ў гэтай лічбе. Думаю, у нашай краіне, такія грошы зарабіць легальным шляхам амаль немагчыма. А нелегальным — гэта ўжо хто як умее. Можа, за мяжой і можна зарабіць такія грошы. Дык гэта трэба працаваць за мяжой, а не ў Беларусі».

Тым не менш, дэкларацыі аб сукупным даходзе некаторыя багацеі даюць. Так, у Міністэрстве па падатках і зборах, нам назвалі самы вялікі даход, атрыманы фізічнай асобай за 2005 год:

«Самы вялікі сукупны гадавы даход у 2005 годзе быў 800 мільёнаў рублёў».

Пры гэтым падаткаў той чалавек заплаціў 124 мільёны рублёў. Кожны месяц ён атрымліваў 31 тысячу долараў. Такім чынам, мільён ён зарабіў амаль за 3 гады.

Па выніках 2005 года, 25% падаткаплацельшчыкаў (а гэта больш за 180 тысяч чалавек) плацілі падатак па максімальнай стаўцы — 30%. Дзе беларус можа зарабіць такія грошы? Адказвае эканаміст Аляксандр Чубрык:

«Ой, каб я ведаў, то я б, можа… Вы б мне не задавалі гэтае пытанне, бо я сядзеў бы ціхенька дзе‑небудзь… Не, ну вы паглядзіце. Такія грошы ў нас можна зарабіць на нафце, у аўтамабільным бізнэсе. Я думаю, і ў прыватным бізнэсе можна зарабляць такія грошы. Але гэты чалавек проста будзе ціхенька сядзець і не высоўвацца».

Інфармацыю аб высокіх даходах нафтавікоў пацвярджаюць і ў Міністэрстве фінансаў Беларусі. Так, у 2005 годзе яны зараблялі амаль мільён рублёў у месяц.

Старшыня праўлення «Пріорбанка» Сяргей Касцючэнка жадае прыцягнуць сродкі беларускіх мільянераў на рахункі ў банкі. Не дзіўна — у самім «Пріорбанку» сёння толькі два рахункі, на якіх больш за мільён долараў. «Калі ў нас прыцягнуць хоць бы адну тысячу мільянераў у банкі, то гэта ўжо мільярд долараў рэсурсаў для банкаўскай сістэмы», — зазначыў Сяргей Касцючэнка.

Аднак што рабіць з нелегальнымі мільянерамі? Разважае Аляксандр Чубрык:

«Я ж не думаю, што ён мае на ўвазе, каб яны проста прыйшлі і дэпазіты туды паклалі. Ён мае на ўвазе, каб зрабілі амністыю ці штосьці такое для іх. Каб яны маглі проста паказаць гэтыя грошы, не плацячы за іх падатку ці плацячы мінімальны падатак, то гэта спрыяльна паўплывала б на банкаўскую сістэму, на эканоміку. Калі б яны проста легалізавалі частку бізнэсу і пачалі праводзіць яе праз банкі.

У бліжэйшы час, думаю, наўрад ці гэта магчыма. Я не думаю, што мільянеры самі на гэта пойдуць, бо яны ж ведаюць, дзе жывуць. У нас бізнэс нашмат больш асцярожны і не вельмі хоча славы, у адрозненні ад таго ж бізнэсу ва Украіне ці Расіі. А ў нас, я не думаю, што яны пабягуць у банкі, нават калі ім паабяцаюць такую амністыю».

Для параўнання, у Райфайзенбанк‑Україна — 650 рахункаў з сумай, большай за мільён долараў. Якім чынам спадар Касцючэнка збіраецца прыцягваць мільянераў у беларускія банкі, ён не ўдакладніў.

Віталіна Грахоўская, Эўрарадыё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0