Аляксандр Боечка.

Аляксандр Боечка.

Аляксандр Лукашэнка прызначыў палкоўніка Аляксандра Дзмітрыевіча Боечку старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, замест Ігара Рачкоўскага, звольненага ў аўторак за выпадак за шведскім медзведзіроўшчыкам.
Аляксандр Боечка нарадзіўся ў 1965 годзе ў Новаград-Валынскім раёне Жытомірскай вобласці (Украіна). То бок ён з’яўляецца земляком старшыні КДБ Вадзіма Зайцава.

На Боечку працягнулася тэндэнцыя, калі на ключавыя сілавыя пасады прызначаюць ураджэнцаў суседніх краін, а не беларусаў. То бок тых людзей, якія не могуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах паводле заканадаўства.

Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч нарадзіўся ў Луганскай вобласці. Экс-міністр Куляшоў нарадзіўся ў Азербайджане, а ягоны папярэднік Уладзімір Навумаў — у Смаленскай вобласці.
Ва Украіне прыйшлі на свет цяперашні і папярэдні старшыні КДБ Вадзім Зайцаў і Юры Жадобін (сёння — міністр абароны). З Расіі кіраўнік лукашэнкаўскай службы бяспекі Андрэй Уцюрын. Уручанскім спецназам камандуе Хазалбек Атабекаў. Нават міністрам МНС прызначаюць ураджэнца Рэспублікі Комі Уладзіміра Вашчанку, да гэтага быў зямляк Куляшова Энвер Барыеў.
А вось Ігар Рачкоўскі са Смаргоні.
Адукацыю Боечка таксама атрымліваў не ў Беларусі. У 1986 ён скончыў Тбіліскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча, у 1999-м — Акадэмію Федэральнай пагранічнай службы Расійскай Федэрацыі, у 2009 годзе — Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл РФ.

У органах памежнай службы Аляксандр Боечка з 1986. Да прызначэння старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта працаваў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення рэжыму і арганізацыйнага забеспячэння — начальнікам арганізацыйна-інспектарскага аддзела — сакратаром калегіі ДПК.

Варта адзначыць, што асабліва ніколі на першыя ролі Боечка не выходзіў. Напрыклад, на сайце дзяржпагранкамітэта ёсць толькі адна спасылка на яго імя. У сакавіку летась ён атрымаў прыз «Кіраўніку за вернасць спорту».
У 2005 Лукашэнка ўзнагародзіў Боечку медалем «За бездакорную службу» І ступені.
Аляксандр Боечка 2,5 гады адслужыў у Афганістане. Прычым, кажа, што выклікаўся добраахвотнікам. Трапіў туды адразу пасля Тбіліскага вучылішча. Камандваў там узводам і батарэяй. Назад вярнуўся ў 1989. Пасля вайны служыў у Гродзенскім і Лідскім пагранатрадах.
Аляксей Загарадны прызначаны першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта — начальнікам галоўнага аператыўнага кіравання.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?