Лідар сусветнага сезона ў кіданні молата беларус Іван Ціхан не прыме ўдзелу на Алімпіядзе ў Лондане. Віной гэтаму рашэнне Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (ІААФ) аб адхіленні атлета з-за станоўчых допінг-пробаў, узятых у яго на Гульнях-2004 у Афінах і на чэмпіянаце свету-2005 у Хельсінкі.

Паводле рашэння МАК допінг-пробы захоўваюцца 8 гадоў, на працягу якіх яны могуць быць пераправерана з выкарыстаннем новых методык выяўлення забароненых прэпаратаў.
Тэрмін захоўвання матэрыялаў, узятых у Афінах-2004, заканчваецца 29 жніўня.
Іван Ціхан на Гульнях у Афінах стаў сярэбраным прызёрам. Вестка пра яго станоўчы тэст і запрашэнне на ўскрыццё пробы «В» прыйшло ў Мінск у сярэдзіне ліпеня.
Нечаканасці не адбылося — 24 ліпеня ў Лазане аналізы 2004 і 2005 гадоў зноў аказаліся станоўчымі.
Па звестках «Прессбола», Ціханам спіс ахвяр новых тэхналогій выяўлення допінгу не вычэрпваецца — медаль забяруць у яшчэ аднаго беларускага ўдзельніка афінскіх Гульняў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?