Ад пачатку ліпеня «Беларусбанк» запусціў крэдытную прапанову «Святкуем разам». Яна мусіла дзейнічаць да канца 2012, прычым з надзвычай выгаднымі ўмовамі: сума да 20 мільёнаў рублёў выдавалася на 1,5 года пад 29% гадавых. Гэта на 3% ніжэй за тагачасную стаўку рэфінансавання. Грошы маглі адразу быць выдадзеныя наяўнымі, прычым атрымаць іх можна было без паручальнікаў, а для разгляду заявы нават не мусіў склікацца крэдытны камітэт.

Для параўнання, сярод іншых банкаў самую блізкую прапанову меў «Франсабанк» (35%), а астатнія выдавалі наяўныя грошы без паручальнікаў пад 43% і больш.

Атрымалася падазроная схема. Кліенты «Беларусбанка» маглі атрымаць грошы пад 29% і адразу ж пакласці іх у банк на дэпазіт пад 31,5–35% ці набыць аблігацыі са стаўкай 43–47%. Зарабіць на гэтым пагадзіўся б кожны — напярэдадні дэвальвацыі 2011 года прадбачлівыя беларусы таксама панабіралі спажывецкіх крэдытаў, якія за пару месяцаў з’ела інфляцыя.

Па прычыне святаў у пачатку месяца крэдыт «Святкуем разам» фактычна пачаў працаваць толькі 4 ліпеня, без рэкламнай кампаніі і анонсаў.
Пра яго няма ніводнай згадкі нават на сайце банка. І ўжо праз тыдзень, 12 ліпеня, унутраным распараджэннем выдача грошай была прыпыненая на нявызначаны тэрмін. Як патлумачылі ў інфармацыйнай службе «Беларусбанка», паступіла зашмат заявак на крэдыт. Сітуацыя выглядае абсурднай: банк робіць камерцыйную прапанову, аднак не хоча, каб ёй карысталіся кліенты.
Колькі чалавек паспелі атрымаць танныя грошы дзяржаўнага банка ў першыя дні працы «Святкуем разам» і хто гэтыя людзі — камерцыйная таямніца, якая мусіла б зацікавіць кантралюючыя органы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?