Урачыстай цырымоніі закладкі капсулы ў падмурак першай беларускай атамнай электрастанцыі 3 жніўня не адбудзецца, паведамілі БелаПАН у Астравецкім райвыканкаме.

Пра тое, што цырымонія закладкі капсулы з «пасланнем нашчадкам» запланавана на 3 жніўня, паведамілі 30 ліпеня дзяржаўнае агенцтва БелТА і РІА Новости. Паведамлялася, што ўдзел у ёй возьмуць прадстаўнікі беларускага ўрада, дзяржустановы «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі», Астравецкага райвыканкама, расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам» і аб’яднанай кампаніі ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «АСЭ».

Чакалася таксама, што ў мерапрыемстве возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка.

Прычыны пераносу цырымоніі невядомыя — чыноўнікі ад каментарыяў адмаўляюцца.

Напярэдадні анансаванай падзеі эколагі, якія выступаюць супраць беларускай АЭС, прапанавалі яе будаўнікам і заказчыкам сваю версію «паслання нашчадкам».

«Мы пачалі гэту будоўлю, ясна разумеючы, што ў нас няма ні сродкаў, ні тэхналогій для ўтылізацыі Астарвецкай атамнай электрастанцыі, захоўвання і ізаляцыі ад навакольнага асяроддзя на працягу 240 тыс. гадоў яе адпрацаваўшага ядзернага паліва, — сказана ў альтэрнатыўным пасланні. — Мы разумелі, што вам аддаваць дзесяцімільярдны крэдыт, які мы ўзялі для будаўніцтва гэтай электрастанцыі. Кожны грамадзянін Беларусі — наш сучаснік ужо быў вінен 1.000 долараў ЗША Расіі за гэту АЭС. Мы ведалі таксама і пра тое, што вам спатрэбіцца куча сродкаў на лячэнне хворых, якіх будзе больш дзякуючы гэтай АЭС».

«Закладка капсулы — гэта сімвалічны жэст, але будаўніцтва беларускай АЭС ужо зараз уяўляе сабой закладку міны запаволенага дзеяння для цяперашняга і будучых пакаленняў жыхароў. Мы мяркуем, што будаўнікі АЭС, а гэта і беларуская дзяржава, і расійская карпарацыя „Расатам“, павінны пакаяцца перад будучымі пакаленнямі і затым адмовіцца ад сваіх небяспечных планаў», — пракаментавала альтэрнатыўнае пасланне нашчадкам адказны сакратар Грамадскай экалагічнай экспертызы праекта беларускай АЭС Таццяна Новікава.

Генеральны кантракт на будаўніцтва беларускай АЭС быў падпісаны ў Мінску 18 ліпеня гэтага года па выніках пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў прысутнасці прэм’ер-міністраў дзвюх краін Міхаіла Мясніковіча і Дзмітрыя Мядзведзева.

АЭС будзе пабудаваная ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, недалёка ад мяжы з Літвой. Для будаўніцтва выбраны праект расійскай кампаніі «Атамстройэкспарт». АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020-га. Пад будаўніцтва АЭС Расія выдзяляе Беларусі льготны дзяржкрэдыт у памеры да 10 мільярдаў долараў тэрмінам на 25 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?