Пасол Швецыі ў Мінску Стэфан Эрыксан нічога не ведаў ні пра падрыхтоўку, ні пра правядзенне «плюшавага дэсанту» над тэрыторыяй Беларусі, а таксама не меў ніякіх кантактаў з арганізатарамі гэтай акцыі — прадстаўнікамі Studio Total. Пра гэта заявіў заснавальнік шведскай піяр-кампаніі Studio Total Пэр Кромвел.

«Ніякіх кантактаў з Эрыксанам у нас не было. Як мы ўжо неаднаразова падкрэслівалі, мы не кантактавалі ні з кім на тэрыторыі Беларусі», — адзначыў Кромвел.

Інфармацыю ў СМІ пра тое, што ў СМС-паведамленнях шведаў было згадана імя Стэфан, Кромвел растлумачыў наступным чынам: «Стэфан — гэта фатограф, які не меў абсалютна ніякага дачынення да акцыі і не рабіў ніякіх здымкаў».

Кромвел, чыё сапраўднае прозвішча Эрыксан, таксама заўважыў, што не знаходзіцца ў сваяцкіх сувязях са Стэфанам Эрыксанам.

«Эрыксан — мабыць, самае распаўсюджанае прозвішча ў Швецыі. У нас іх тысячы. Наколькі мне вядома, мы са шведскім паслом у Беларусі не сваякі», —
паведаміў заснавальнік Studio Total.

Каментуючы рашэнне беларускіх улад пра высылку з Беларусі пасла Швецыі, Кромвел сказаў: «Мне здаецца, Лукашэнка не ведае, што яму рабіць, і таму робіць вельмі ірацыянальныя ўчынкі».

Нагадаем, Стэфан Эрыксан пакінуў Беларусь згодна з патрабаваннем беларускіх улад. Паведамленне пра высылку пасла МЗС Швецыі атрымаў 1 жніўня. Беларускія ўлады не прадоўжылі Эрыксану дазвол на працу ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?