Беларускі спеў і танцы ў сэрцы Амерыкі + фота
У суботу ў амерыканскім Саўт-Рыверы прайшоў традыцыйны беларускі фестываль.
Беларускі карагод. На заднім пляне - Беларуска-амэрыканскі грамадзкі цэнтар у Саўт-Рывэры, пабудаваны ў 1975 г.
Танцавальны гурток, у цэнтры - яго кіраўнічка, 90-гадовая Віла Ляўчук.
Прэзентацыя беларускай п'есы "Цацачная крама" ў залі грамадскага цэнтру.
Маладое пакаленьне спявае беларускія песні. У цэнтры - прадстаўніца новай хвалі эміграцыі Тацьцяна Дзямешчык.
У суботу 4 жніўня беларуска-амерыканская грамада ў горадзе Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрсі, адсьвяткавала свой гадавы фэстываль.
Падзея гэтая адбылася ў невялікай паркавай зоне Беларуска-Амерыканскага Цэнтру, што пры царкве Сьв. Эўфрасіньні Полацкай. У праграме фэстывалю былі песьні, карагоды, танцы, валейбольная гульня.
Працавала традыцыйная кухня з жаранінай, галубцамі, блінчыкамі ды іншымі прысмакамі. Адбылася таксама багатая лятарэя. Ад гарачага дня можна было ахаладзіцца ў залі з кандыцыянэрам ды халоднымі напоямі.
Асаблівасьцю сёлетняга фэстывалю была прысутнасьць дванаццаці асобаў гасьцей зь Беласточчыны, якія прывезьлі з сабою п’есу «Цацачная крама» аўтарства Леаніда Дранька-Майсюка на музыку Ганны Бабік.
Пасля паказу п’есы адбыліся на траўніку, што паміж будынкам цэнтру і царквой, танцы і сьпевы, у якіх выступілі і беластоцкія госьці — група старэйшых вучняў з
настаўніцамі-апякункамі Барбарай Пякарскай і Алінай Ваўранюк. На наступны дзень госьці наведалі царкву Жыровіцкай Божай Маці ў суседнім з
Саўт-Рывэрам горадзе
Гайленд-Парк, дзе таксама выступілі з паказам п’есы ды інфармацыяй пра беларускую
адукацыйна-культурную дзейнасьць на Беласточчыне.
Саўт-Рывэр — горад у цэнтральнай частцы штата Нью-Джэрсі. Беларусы сталі перасяляцца сюды ў канцы ХІХ ст., гнаныя эканамічным крызісам з Расійскай імпэрыі. У пачатку ХХ ст. славянскія выхадцы зь Беларусі складалі ў Саўт-Рыверы да траціны насельніцтва, засяліўшы пераважна паўднёвую частку горада. Менавіта эмігранты з ваколіц Маладзечна і Вялейкі пабудавалі ў С-Р. царкву Сьвятых Пятра і Паўла, тады ў юрысдыкцыі РПЦ.
Зьбеларусізаваўся Саўт-Рывэр у пачатку 1950-х зь перасяленьнем у яго некалькіх дзясяткаў беларускіх эмігрантаў з лягероў для перамешчаных асоб у Нямеччыне. Беларусы заснавалі прыход Сьв. Эўфрасіньні Полацкай у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату, збудавалі царкву, Беларуска-амэрыканскі грамадзкі цэнтар. У Саўт-Рывэры дзейнічалі і дзейнічаюць цяпер некалькі грамадзкіх і сацыяльных арганізацый, выдаваліся газэты і часопісы. Часопіс «Беларуская думка» — ня блытаць з гігінскім! — выдаецца і па сёньня. У рысе гораду знаходзяцца асобныя беларускія могілкі.
Актыўнае беларускае жыцьцё працягваецца ў гарадку. Так, 25 сакавіка 2012 г. у Саўт-Рывэры адзначылі Дзень Волі, ўзьняцьцем нацыянальнага сьцяга каля будынку гарадзкога музэю.
У верасьні 2010 г. у Саўт-Рывэры прайшла традыцыйная сустрэча беларусаў ЗША і Канады.
Янка Запруднік
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ