У Беларусі 1 жніўня павышаны стаўкі акцызаў на нафтапрадукты і алкагольныя напоі. Такое рашэнне ўтрымліваецца ва ўказе ад 31 ліпеня 2012 года № 349, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Так, на 36,5% (да 37.280 рублёў за літр 100-працэнтнага спірту, які змяшчаецца ў гатовай прадукцыі) павялічаны акцызы на віны пладовыя мацаваныя марачныя, палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі, на 13,8% (да 3.520 рублёў на літр гатовай прадукцыі) — на слабаалкагольныя натуральныя напоі, на 4,4% (3.520) — на віны натуральныя, у тым ліку пеністыя і шампанскія, газаваныя і шыпучыя, на 3,5% (да 580 рублёў) — на віны фруктова-ягадныя натуральныя, сідры фруктова-ягадныя.

Згодна з дакументам на 10% павышаны акцызы на аўтамабільныя бензіны і дызельнае паліва. У прыватнасці, стаўка акцыза на бензін з актанавым чыслом 95 і вышэй складае 1 млн. 26 тыс. рублёў за тону, на бензін з актанавым чыслом ад 91 да 95 — 1 млн. 286 тыс. 690 рублёў, з актанавым чыслом да 91 — 1 млн. 459 тыс. 220 рублёў. Стаўка акцыза на дызельнае паліва ўстаноўлена на ўзроўні 826 тыс. 540 рублёў. Пры гэтым устаноўлена нулявая стаўка акцызаў для дызельнага паліва для вытворчасці біядызельнага паліва.

Гэтыя стаўкі дзейнічаюць да 31 снежня 2012 года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?