Расея дазволіла імпарт мяса і мясапрадуктаў толькі з трох беларускіх мясакамбінатаў — «Белавескага» (які належыць расейскай кампаніі), Слуцкага і Стаўпецкага. Усяго экспэртызы «Россельхознадзора» былі праведзеныя на 23 беларускіх мясакамбінатах і двух рыбакамбінатах.
Як заявіў прадстаўнік расейскага камітэту, было ўстаноўлена, што гэтыя прадпрыемствы працуюць на беларускай сыравіне і не завозяць мяса з Польшчы. Маўляў, астатнія выкарыстоўвалі мяса, імпартаванае з Польшчы.
Расея, як вядома, забараніла імпарт мяса з Польшчы ў 2005 г., што прывяло да зрыву падпісаньня гандлёвай дамовы між Эўразьвязам і РФ.
З 1 красавіка Расея будзе імпартаваць мяса і мясапрадукты зь Беларусі толькі з прадпрыемстваў, атэставаных расейскімі экспэртамі. Фактычна, гэта прывядзе да рэзкага абмежаваньня імпарту беларускага мяса.
Як паведаміў прадстаўнік «Россельхознадзора» з 1 чэрвеня такі ж парадак плянуецца ўвесьці для прадпрыемстваў птушкагадоўлі, а таксама для малаказаводаў.