У пасёлку гарадскога тыпу Свіслач некалькі гадоў таму ўзяліся за вельмі дарагі праект, калі задумалі маштабную мадэрнізацыю комплексу па вытворчасці мінеральнай вады. Грошы шукалі ва ўсіх магчымых месцах, звяртаючыся ў райвыканкам, інавацыйныя фонды. Дадаўшы да ўласных сродках бюджэтныя пазыкі, узяліся за працу. Праўда, справа не ішла.

Абгрунтаваным пытаннем, чаму комплексную лінію па вытворчасці мінеральнай вады, на якую было выдаткавана 3,5 млрд рублёў, вось ужо чатыры гады не могуць увесці ў эксплуатацыю, час ад часу задаваліся як пазыкадаўцы, так і кантралюючыя органы вобласці. Быццам бы і лінію адно з таварыстваў з дадатковай адказнасцю даўно паставіла, і мантажныя работы ішлі без бачных збояў, а запуск з незразумелых прычынаў адцягваўся. Калі ўсе тэрміны ўводу ў эксплуатацыю дарагога абсталявання прайшлі, працэс мадэрнізацыі ўзяліся правяраць супрацоўнікі службы БЭЗ УУС Гродзенскага аблвыканкама. Праверка паказала сотні мільёнаў неабгрунтавана патрачаных грошай, што стала падставай для завядзення крымінальнай справы і выстаўлення рахунку для вяртання 500 млн рублёў у інавацыйны фонд вобласці.

Заказчыкам вытворчай лініі выступіла мясцовае раённае спажывецкае грамадства. Але пасля заключэння дамовы пастаўшчык не толькі выставіў кошт, які значна перавышаў першапачаткова заяўлены, але і пад выглядам новага адгрузіў карыстанае абсталяванне. Чысты прыбытак дырэктара камерцыйнай фірмы склаў больш за 430 млн рублёў. У дачыненні да яго распачалі справу па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства ў асабліва буйным памеры), якое ў цяперашні час расследуецца Свіслацкім раённым аддзелам Следчага камітэта.

Дзякуючы дзеянням гродзенскіх праваахоўнікаў райспажыўтаварыства вярнула інавацыйнаму фонду 500 млн рублёў. Пазыкаатрымальнікі такое рашэнне не аспрэчвалі, усведамляючы, што абгрунтаваць неабходнасць выкарыстання грошай праз стварэнне бачнасці працы ўжо не атрымаецца.

У ГУБЭЗ МУС адзначаюць, што штрафныя санкцыі агульную сітуацыю з запускам лініі, на жаль, не зменяць. Нават калі ўвод у эксплуатацыю адбудзецца, то старое абсталяванне не толькі не забяспечыць належнай аўтаматызацыі, на якую рабілі стаўку падчас распрацоўкі праекта, але і праслужыць нашмат менш за меркаваны тэрмін.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?