Інфармацыю пра арышт старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца распаўсюдзіў партал Tut.by. Але гарадскія ўлады адразу выступілі з абвяржэннем.

"Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт афіцыйна заяўляе аб тым, што інфармацыя, размешчаная на беларускім партале tut.by не праўдзівая", гаворыцца ў заяве гарвыканкама.

Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці «Нашай Ніве» паведамілі, што іх ведамствам крымінальная справа ў адносінах да Піліпца не заводзілася. Разам з тым, у канцы ліпеня былі затрыманыя чацвёра супрацоўнікаў Упраўлення камунальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама.

Службовыя асобы вінавацяцца ў перавышэнні паўнамоцтваў пры рэалізацыі жылых памяшканняў, якія знаходзіліся ў камунальнай уласнасці.

Віктар Піліпец нарадзіўся ў 1963 годзе ў Калінкавіцкім раёне. Выпускнік селькагаспадарачай акадэміі і Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ. На пасаду мэра Гомеля ў кастрычніку 2009-га прыйшоў з крэсла памочніка прэзідэнта-галоўнага інспекатара па Віцебскай вобласці. З 1998 па 2007 узначальваў Калінкавіцкі райвыканкам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?