1989. Падарожжа па Мядзельшчыне.

1989. Падарожжа па Мядзельшчыне.

Ірына Марачкіна.

Ірына Марачкіна.

Аляксей Марачкін.

Аляксей Марачкін.

1968. Жодзіна. Аляксей, Ірына і Ігар Марачкіны.

1968. Жодзіна. Аляксей, Ірына і Ігар Марачкіны.

Лісты ад жонкі.

Лісты ад жонкі.

Партрэт бабкі Марылі, што прынёс Марачкіну першы поспех.

Партрэт бабкі Марылі, што прынёс Марачкіну першы поспех.

Запіс у БНФ

Запіс у БНФ

У майстэрні.

У майстэрні.

1996. Чарнобыльскі шлях. Аляксею Марачкіну падбілі вока.

1996. Чарнобыльскі шлях. Аляксею Марачкіну падбілі вока.

Сп. Аляксей чытае дзённікі жонкі.

Сп. Аляксей чытае дзённікі жонкі.

Здымак зроблены ў майстэрні Аляксея Марачкіна 18 лютага 2012.

Здымак зроблены ў майстэрні Аляксея Марачкіна 18 лютага 2012.

Майстэрня Аляксея Марачкіна.

Майстэрня Аляксея Марачкіна.

У майстэрні.

У майстэрні.

Іх часта можна было бачыць на вуліцах Мінска. Двое ўжо не маладых людзей гулялі, узяўшыся пад рукі. Мастак Аляксей Марачкін і ягоная жонка Ірына.

3 красавіка была апошняя такая прагулка, па вяртанні дадому жанчыне стала кепска — сэрца. Яна памерла літаральна на руках мужа.
24 мая пара збіралася адзначыць залатое вяселле — 50 гадоў сумеснага жыцця.
    То каханне было…
    «Я клянуся, што гэта была любоў.
    Не раскажаш пра гэта,
    няма болей слоў…
    І, што прывід, хадзіў ён
    па цёмнай начы,
    І было аніяк яму ўжо памагчы.
    Клянуся, што гэта была любоў.
    Паўтараю я зноўку,
    Паўтараю я зноў —
    То каханне было…
    Была гэта любоў.

    Аляксей Марачкін нядаўна скончыў пераклад гэтага верша Булата Акуджавы, прысвяціўшы яго жонцы. «Так і паміж намі было», — кажа ён.

    Як часта бывае, пазнаёміцца дапамог збег абставінаў. Аляксей па сканчэнні школы паступаў у Мінскую мастацкую вучэльню, але не прайшоў па конкурсе.
    А ў той самы год у Віцебску адкрываўся мастацка-графічны факультэт пры педагагічным інстытуце. Многіх, хто недабраў некалькі балаў у сталіцы, перакінулі ў горад над Дзвіной. Туды ж паступіла і Ірына — на біялагічны факультэт.
    Аднак знаёмства адбылося не адразу. Перад гэтым малады мастак адпакутаваў праз іншую дзяўчыну.
    «Я на першым курсе быў закаханы ў Люсю Смольскую — ці то польку, ці то татарку. Прыгожая вельмі. Я яе кахаў, яна мяне. Але Люся яшчэ ў школе дамовілася з хлопцам-аднакласнікам, што будуць вечна жыць разам. І з’ехалі яны ў Маскву. І так мне горка было, так крыўдна. У нейкі вечар мой сябра кажа: твая Люся ў ленпакоі чытае нешта. Быць таго не можа. Дакладна! Падобная адзін у адзін да Люсі. Гляджу, а гэта Ірына, пазнаёміліся. Хадзілі на танцы», — расказвае сп. Аляксей.

    Адзін зяць удалы, другі — мастак

    У 1962 яны пабраліся шлюбам.

    «Яна з незвычайнай сям’і з Шаркаўшчынскага раёна, Заходняя Беларусь, ці, як кажуць мясцовыя, Польшч.
    Яе вёска Барсукі на глінянай глебе. Мясцовы граф Плятэр даваў магчымасць мужыкам мець невялікі бізнэс. І бацька маёй Ірыны, Сяргей Грыдзюшка, меў таксама маленькую цагельню, быў дробным фабрыкантам. Ён выхаванец вядомага Івана Лютынскага, музыкі, які вучыў граць на гармоніку. Яна вырасла сярод музыкі, весялосці — наколькі тады было весела, бо была і вайна…»

    Пытаюся, а ці прынялі бацькі выбар малодшай дачкі. «А куды ім было дзявацца? Хаця бацька казаў: адзін зяць быў удалым, а другі — мастак. Удалы — гэта Франц, камуніст», — смяецца.

    «Часта прыязджала да мяне Ірынка»

    Аляксей скончыў вучэльню, быў размеркаваны ў вёску Рубель на Століншчыне, наперадзе маячыла служба ў войску. Забралі ў танкісты, хоць і росту немалога. «У танкісты ўзялі, бо ішоў у армію з эцюднікам. Запыталіся: художнік? Кажу, што так. Художнікі нам трэба, адказваюць. Ірына прыязджала да мяне ў Печы — такая маладая, хударлявая, прыгожая», — з асалодай узгадвае мастак.

    У сям’і захаваўся здымак з выявай імпазантнага кавалера у вайсковай форме і ягонай прыгожай абранніцы. Яму — 24, ёй — 23. На здымку подпіс: «Часта прыязджала да мяне Ірынка, жоначка мая».

    На той час у іх ужо нарадзіўся сын — Ігар (сёння мастак і выкладчык). Сям’я жыла ў Жодзіне. Аляксей выкладаў у школе маляванне, Ірына — біялогію.

    Першае мастакоўскае прызнанне да Марачкіна прыйшло дзякуючы Ірыне.
    На рэспубліканскай выставе ў Мінска прагрымеў партрэт Ірынчынай бабкі Марылі — першы твор, які набыў мастацкі музей. Рэпрадукцыя той карціны па сённяшні дзень вісіць у майстэрні мастака.

    Драздовіч

    Аляксей Марачкін быў не першым творцам, што палюбіў вёску Барсукі, дзе нарадзілася ягоная жонка. «Ірынчыны суседзі казалі, што тут, па гэтых мясцінах, у вайну і да вайны хадзіў мастак Язэп Драздовіч. Ён маляваў дываны, карціны. У людзей некаторыя з іх яшчэ заставаліся. Знайшоў адзін твор, дык гаспадыня казала, што палякі недалюблівалі гэты малюнак, немцы — смяяліся, а саветы загадалі зняць. На ім худы мужык цягаецца з тоўстым панам. Быў узрадаваны, калі атрымаў гэты твор. Прадаў яго потым, каб паставіць помнік на магіле дзядзькі Язэпа. Праз Ірыну Драздовіч увайшоў у маё жыццё».

    «Дзе я — там яна»

    Калі сям’я пераехала з Жодзіна ў Мінск, то Ірына ўладкавалася на працу ў Рэспубліканскі метадычны цэнтр пры Міністэрстве асветы. Яна выкладала біялогію школьнікам па тэлевізары. «Вядома ж, што па-беларуску. У мяне цэлы архіў яе артыкулаў, выступленняў у «Настаўніцкай газеце». Яна мяне падтрымала ў беларушчыне. Мы дома размаўлялі толькі па-беларуску, і Ігар размаўляе, і ўнукі. На тэлебачанні яна адпрацавала гадоў пяць». Не выпадае казаць, што Ірына заставалася ў цені мужа, яна была актыўнай жанчынай, рэалізоўвала свае мары.

    Тым не менш, Аляксей кажа, што менавіта той перыяд значна падарваў здароўе жонкі, хоць яно ніколі моцным і не было.
    «Дактары казалі, што з сэрцам трэба быць больш асцярожнай. Калі яна працавала ў Цэнтры, то нават завяла папку: «Мае пакуты». Пісала там, як цяжка было прабівацца з мовай на тэлебачанне. Хаця тады быў Генадзь Бураўкін, які даваў «зялёнае святло». З бюракратамі Мінасветы было цяжка. Яна пісала метадычкі па-беларуску, дык яе за гэта ціснулі».
    Спадар Аляксей кажа, што жонка была яму падтрымкай ва ўсім.
    «Дзе я — там яна. Паўсюль была са мной. Я смяюся, што яе «рэвалюцыйная» дзейнасць пачалася, калі мы распаўсюджвалі нашы ўлёткі ад імя Мацея Бурачка»

    Гэты верш быў напісаны на наступны дзень пасля смерці.

    ***

      Не мінай на шляху
      ты гару крутую,
      І другім ты не замінай.
      Прыйдзе час — я цябе ўратую,
      Дзе б ні быў, я цябе пачую,
      Жыць па-новаму пачынай.
      Я не так ад цябе далёка,
      Цёмны дух не адолее нас.
      Узнялася высока,
      высока,
      Поле белае, як кінуць
      вокам.
      Мы сустрэнемся — прыйдзе шчэ час.
      4 красавіка, 2012.

    «Калі яна са мной, тады мне малюецца і пішацца»

    У перабудову Ірына перайшла на працу ў Дом літаратара у Бюро прапаганды беларускай літаратуры. Ездзіла з пісьменнікамі.
    На яе плячах ляжала арганізацыя ўсіх вечарынаў, канцэртаў. «За Сыса яна перажывала, сэрца ён ёй рваў. Казала ўвесь час: «Толік, супакойся». Але мы ведалі, што гэта вялікі талент», — кажа Аляксей.
    «Як толькі Фронт арганізаваўся, то яна была там, сакратаркай, уваходзіла ў рэвізійную камісію.
    Не прапускала мітынгаў. Яна была сціплай, рэдка гаварыла публічна, а вось за сталом усе заслухоўваліся яе прамовамі. Стварыла мне картатэку. Куды запісвала ўсе карціны, якія я некалі маляваў. Часам прыдумвала назвы твораў», — расказвае сп. Аляксей.

    І не трэба забывацца, што на плячах Ірыны ляжала гаспадарка. «Канечне, яна ўсё рабіла. Я маляваў. Мы жылі ў майстэрні, тут ёсць пакой адмысловы. Былі нараканні на гэта. Майстэрня — мой стыль жыцця. І я хацеў, каб мая «палова» была са мной, тады мне малюецца і пішацца».

    «Лёкса, мой няўрымслівы ўтрапёнік»

    У хаце яна называла мужа Лёксам, як некалі ў дзяцінстве. Ён яе — Іржы. Пяшчоту ў адносінах удалося захаваць праз шмат гадоў супольнага жыцця.
    Вось, напрыклад, які запіс пакінула жанчына ў дзённіку ад 18.11.2003: «Лёкса, мой няўрымслівы ўтрапёнік, ладзіць чарговую выставу. Узваліў такую вялікую нагрузку. Павёз творы ў Оршу, дзе заўтра павінна адкрыцца выстава.

    Лёкса, спакойнай табе ночы! Моцы і задавальнення ад задуманага. У цябе ўсё атрымаецца. Шкада, што не магу быць у гэты час з табой. А можа, заўтра дасць мне Бог сілаў, і я рвану на электрычцы ў Оршу. Фантастыка!»

    У апошнія гады даймалі хваробы, ёй зрабілі аперацыю на сэрцы клапан. Было цяжка. Аддана, колькі было сілаў, працавала ў Таварыстве беларускай мовы.

    Цяпер Марачкін рыхтуе да выдання кнігу вершаў, адзін з раздзелаў якой, «Пад зоркай Ірыны», прысвеціць жонцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?