Беларусь прапаноўвае Кітаю развіваць супрацоўніцтва ў касмічнай сферы. Пра гэта заявіў 6 жніўня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным дырэктарам Кітайскай карпарацыі аэракасмічнай навукі і тэхнікі Ма Сінжуем.

«Мы супрацоўнічаем з Кітайскай Народнай Рэспублікай у гэтай сферы ўжо не першы год, і не адзін год, і дабіліся пэўных поспехаў. Але гэта толькі пачатак,
— цытуе кіраўніка беларускай дзяржавы яго прэс-служба. — У нас яшчэ больш перспектыў, мы гатовы скарыстацца вопытам Кітая, дасягненнямі КНР у гэтай сферы, і мы гатовы прапанаваць свае паслугі Кітаю ў касмічнай сферы».
Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё касмічнай галіны мае важнае значэнне для Беларусі.
«Мы гэтай сферы надаём вялікае значэнне не толькі таму, што ў нас добрая школа і ёсць дастатковая колькасць спецыялістаў, але яшчэ і таму, што мы не мыслім сваю нацыянальную бяспеку без развіцця касмічных тэхналогій», — сказаў ён.
Лукашэнка звярнуў увагу на высокі ўзровень узаемаразумення, які склаўся ў адносінах паміж дзвюма краінамі.
На яго думку, гэта садзейнічае развіццю супрацоўніцтва ва ўсіх сферах і на ўсіх кірунках. «Гэта тычыцца ў тым ліку, а можа, сёння ўжо і перш за ўсё, такіх праектаў, як касмічная галіна, праектаў у сферы найвышэйшых тэхналогій», — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу гендырэктар Кітайскай карпарацыі аэракасмічнай навукі і тэхнікі Ма Сінжуй таксама прызнаў высокі ўзровень супрацоўніцтва дзвюх краін у касмічнай сферы і звярнуў увагу на добрую якасць беларускага абсталявання ў гэтай сферы, у прыватнасці ў сферы дыстанцыйнага зандавання зямлі, якое было перададзенае беларускім бокам Кітаю і прымяняецца на кітайскіх апаратах.

Ма Сінжуй выказаў надзею на працяг плённага ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў. «Спадзяюся, супрацоўніцтва ў касмічнай сферы выйдзе на больш высокі ўзровень, каб праекты развіваліся на карысць нашых народаў і з мэтай мірнага асваення касмічнай прасторы», — сказаў гендырэктар.

Варта зазначыць, што адзін з перспектыўных беларуска-кітайскіх праектаў у касмічнай сферы — гэта стварэнне спадарожніка сувязі для Беларусі.

Нагадаем, як паведаміў журналістам 22 чэрвеня старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў, чакаецца, што беларуска-кітайскі кантракт на стварэнне спадарожніка сувязі будзе падпісаны сёлета.

Кантракт павінен быць падпісаны з беларускага боку Заводам дакладнай электрамеханікі, з кітайскага — карпарацыяй «Вялікая сцяна», якая выйграла тэндар на стварэнне спадарожніка.

Свае прапановы адносна кантракта беларускі бок адправіў кітайскаму «Эксімбанку», які пасля падпісання кантракта павінен адкрыць крэдытную лінію. Згодна з кантрактам, пасля яго падпісання спадарожнік павінен быць створаны на працягу трох гадоў. Прадугледжваецца, што на арбіту ён будзе выведзены кітайскім носьбітам.

Як паведаміў Гурулёў, на працягу шасці месяцаў пасля запуску будзе ажыццяўляцца сумесная кантрольная эксплуатацыя касмічнага апарата, а потым кіраванне ім будзе перададзена беларускаму боку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?