У ходзе спрэчак у Хамоўніцкім судзе Масквы пракурор Аляксандр Нікіфараў запатрабаваў для трох удзельніц гурта Pussy Riot Надзеі Талаконнікавай, Марыі Алёхінай і Кацярыны Самуцэвіч па тры гады калоніі агульнага рэжыму. Адвакат пацярпелых Ларыса Паўлава падтрымала прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачання.

Напярэдадні завяршылася судовае следства па справе Pussy Riot, якіх абвінавачваюць у правядзенні «панк-малебна» «Багародзіца, Пуціна прагані!» ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве ў лютым 2012 года. У зняволенні дзяўчаты правялі ўжо амаль паўгода.

Учора пра сваю маральную падтрымку Pussy Riot заявіла сусветная поп-зорка Мадонна, што знаходзіцца ў Маскве ў рамках гастрольнага туру.
«Я веру ў свабоду слова, і я супраць цэнзуры, -- заявіла Мадонна. -- Я спадзяюся, што дзяўчаты неўзабаве будуць вызваленыя».

Раней галівудскі акцёр Дэні дэ Віта заклікаў прэзідэнта Расіі Пуціна вызваліць удзельніц панк-гурта Pussy Riot. У падтрымку трох арыштаваных удзельніц панк-гурта напісалі лісты музыкі вядомых груп - The Who, Pulp і Pet Shop Boys - Піт Таунсэнд, Джарвіс Кокер і Ніл Тэнант.

Раней у падтрымку Pussy Riot выказваліся Стывен Фрай, Тэры Гіліям, Стынг, Red Hot Chili Peppers, Franz Ferdinand, Пітэр Гэбрыэл, Faith No More, Anti-Flag, Zola Jesus, Ніна Хаген, Марк Алманда і Эд-Рок з Beastie Boys.

У канцы чэрвеня калектыўны зварот у суд з просьбай вызваліць удзельніц Pussy Riot падпісалі расійскія дзеячы культуры. Зварот, у тым ліку, падпісалі Яўгеній Міронаў, Чулпан Хаматава, Барыс Грабеншчыкоў, Грыгорый Чхарцішвілі (Барыс Акунін), Валерый Меладзэ, Аўдоцця Смірнова, Эльдар Разанаў, Андрэй Смірноў, Міхаіл Жванецкі ды інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?