Усе здымкі можна пабачыць на старонцы БАЖ у фэйсбуку.

Адна з каардынатараў акцыі кажа, што паўдзельнічала ўжо больш за тры дзясяткі чалавек. Амаль усе яны журналісты.

Акцыя пачалася ў сацыяльных сетках, калі беларускія журналісты вырашылі падтрымаць свайго калегу. Антон Сурапін з 13 ліпеня ўтрымліваецца ў ізалятары КДБ, яго абвінавачваюць у спрыяньні ў незаконным перасячэньні мяжы Беларусі. Антон першым разьмясьціў на сваім сайце Belarussian News Photos фотаздымкі мядзьведзікаў з заклікамі да свабоды, якія скінуў на тэрыторыі Беларусі самалёт швэдзкага рэклямнага агенцтва Studio Total. Цяпер яму пагражае ад трох да сямі гадоў турмы.

У фота-акцыі падтрымкі пад слоганам «Самі пра...лі, самі адказвайце. Свабоду журналісту!» ужо паўдзельнічалі журналісты розных СМІ — ад тэлеканалу «Белсат» да «Камсамольскай праўды».

Адзін зь іх — журналіст і фатограф інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Сяргей Балай: «Антон — мой сябар. І вельмі добры сябар. Мы зь ім разам працавалі ў розных сытуацыях, абставінах, на розных мерапрыемствах. У мяне выклікае, мякка кажучы, недаўменьне тое, што яго затрымалі ў сувязі з „плюшавым дэсантам“. Гэта чалавек, які абсалютна ніяк не спрычыніўся да гэтай акцыі, а проста разьмясьціў здымкі. Як фатографа мяне гэта вельмі абурае. На яго месцы мог апынуцца любы з нас — прыкладаў хапае».

Сапраўды, сярод тых журналістаў, якія сфатаграфаваліся ў падтрымку Сурапіна, ёсьць і тыя, каго затрымлівалі падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў, як журналіста «Эўрарадыё» Алеся Пілецкага. І тыя, хто адседзеў адміністрацыйныя тэрміны, як журналіст Сямён Печанко і відэаапэратар Аляксандар Баразенка.

Падчас апошняга фатасэту дадаліся 11 фатаздымкаў. Сярод іншых на іх рэклямістка Юлія Ляшкевіч, блогерка Арына Лісецкая, фатограф Андрэй Лянкевіч.

Андрэй Лянкевіч: «Мне здаецца, зараз той момант, калі трэба выказвацца. Чалавека „забралі“ на падставе ягонай прафэсійнай дзейнасьці. Калі зараз не гаварыць, то адбудзецца зь ім тое, што адбываецца, як мы ўсе ведаем, з палітыкамі: ён можа ва ўсім прызнацца, перастаць працаваць, і так далей, і так далей. Зараз самы момант гаварыць пра гэта. Не было ў мяне думак нават, далучацца ці не».

Акцыя адбываецца пад дзёрзкім слоганам «Самі пра...лі, самі адказвайце. Свабоду журналісту!» Чаму ён быў абраны і як ставяцца да яго ўдзельнікі? Каардынатарка акцыі кажа, што гэтая ідэя зьявілася, калі Антон сядзеў яшчэ толькі некалькі дзён: «Нам хацелася вельмі зразумелым і жорсткім чынам выказаць сваё стаўленьне. Там стаяць „зорачкі“ — кожны можа падставіць у іх свае літары. Але з улікам мэтадаў, якімі дзейнічаюць улады — пагражаць сямю гадамі турмы журналісту, які проста разьмясьціў здымкі на сайце, — проста лістамі ў пракуратуру тут не дапаможаш. Нам падалося, што такія словы тут да месца».

Фатограф Андрэй Лянкевіч лічыць, што гэта мова, якую «ўсе разумеюць»: «У гэтым слогане ёсьць усё і нічога ня трэба тлумачыць: што адбываецца, як мы да гэтага ставімся і што трэба рабіць».

Журналісцкая акцыя ў падтрымку Антона Сурапіна шырока абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках, пра яе паведамілі шмат якія беларускія мэдыі, часопіс «Русский репортер». Канал «Эўраньюз» распачаў свой рэпартаж пра арышт Антона Сурапіна з кадраў фатасэсіі журналісцкай салідарнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?