«Ад атручвання сурагатным алкаголем у краiне вымер, лiчы, невялiкi сельскi раён».

Бабруйск ледзь не стаў алкагольнай сталiцай Магiлёўшчыны. Там нават кватэры пераўтваралi ў нелегальныя пункты продажу сурагатнага алкаголю, а на «спiртавыя» грошы будавалiся катэджы. Аб працы, якая праведзена ў Бабруйску работнiкамi мiлiцыi, i ўвогуле аб праблемах алкагалiзацыi расказаў карэспандэнту «Звязды» падпалкоўнiк мiлiцыi Сяргей IВАНОЎ.

— Паводле статыстыкi, кожнае пятае злачынства, учыненае ў Магiлёўскай вобласцi, з’яўляецца, як кажуць, п’яным. Такая сiтуацыя тыповая для ўсёй краiны?

— Гэта тыповая сiтуацыя для ўсходу Беларусi. У заходнiкаў менталiтэт адрознiваецца, i там алкагалiзацыя насельнiцтва ўсё ж меншая. Хоць, разам з тым, летась найбольшая колькасць смерцяў ад атручвання сурагатнымi спiртамi была ў Гродзенскай вобласцi.

Ёсць i iншыя лiчбы. Напрыклад, у сёлетнiм студзенi прыкладна на 20 працэнтаў павялiчылася рэалiзацыя спiртных напояў у гандлi. Разам з тым колькасць асобаў, якiя набываюць спiртное на нелегальных пунктах продажу, паменшылася нязначна.

Па-другое, мы накiравалi ў ЛПП за ўвесь мiнулы год 620 асобаў. Ведаеце, гэта не так лёгка зрабiць: трэба прайсцi шлях ад адмiнiстрацыйнай адказнасцi да наркадыспансэра i даказаць суду, што сапраўды гэтага чалавека, хранiчнага алкаголiка, трэба iзаляваць ад грамадства. А сёлета ў ЛПП трапiлi ўжо больш за 200 чалавек.

Ды i справа не толькi ў лiчбах: калi ў вёсках скардзяцца на п’яных, калi ёсць нелегальныя пункты продажу спiртавага пойла, калi старыя сядзяць у страху перад страцiўшымi чалавечае аблiчча алкаголiкамi, нярэдка — уласнымi дзецьмi, гэта i ёсць рэальнае становiшча, з якiм змагаецца мiлiцыя.

— Дзе сёння ў Магiлёўскай вобласцi самая вострая сiтуацыя з алкагалiзацыяй?

— Найбольшую занепакоенасць выклiкае Бабруйск. Чаму менавiта гэты горад? Можа, таму, што там шмат буйных прамысловых прадпрыемстваў, а людзi рабочых прафесiй болей п’юць. Можа, сфера абслугоўвання адставала ад патрэбаў людзей i моладзi не было куды падацца ў вольны час. Так цi iнакш, а калi ў сярэдзiне 1990-х гадоў масава пайшоў завоз з Расii «Кiрушаў», «Максiмак», «Маналiтаў» i iншых, тут масава ўзнiклi нелегальныя пункты продажу сурагатных алкагольных напояў.

— Аднак пра завоз танных тэхнiчных спiртавых вадкасцяў i праблем, з гэтым звязаных, шырокая грамадскасць, падаецца, даведалася не так даўно?

— Праблемы iснавалi даўно, мiлiцыя працавала, але давялося ў апошнiя гады проста крычаць пра гэта, таму што трываць моўчкi стала проста немагчыма. Вы толькi ўявiце сабе, што за апошнiя 6 гадоў ад атручвання алкаголем у краiне загiнула 16,5 тысячы чалавек! Проста вымер невялiкi сельскi раён. I людзi загiнулi не ад хваробаў, няшчасных выпадкаў, прыродных цi тэхнагенных катастрофаў, а проста самi сябе забiлi, хоць гэтага i не жадалi... Таму i выпадае дзейнiчаць рашуча.

А ў Бабруйску нелегальны гандаль спiртным прыняў проста пагражальную форму. I не так, як у30-я гады мiнулага стагоддзя ў Амерыцы, калi рэстарацыi маскiравалi пад пахаронныя канторы. У наш час у Бабруйску нават не маскiравалiся, а проста ператварылi кватэры ў гандлёвыя пункты па продажу сурагату.

— Вы можаце прывесцi прыклад?

— Такая кватэра была да нядаўняга часу на вулiцы Мiнскай. Гаспадар там пастаянна не жыў, але яго прадпрымальныя сваякi арганiзавалi там нелегальны пункт. Усталявалi металiчныя дзверы, выразалi невялiкае акенца i прадавалi разбаўленую спiртавую вадкасць удзень i ўначы — прадаўцы працавалi зменамi!

Ва ўсiм гэтым мяне найбольш уразiла рэакцыя суседзяў. Прама скажу, неадэкватная. Там усё было пазапаскуджана: у пад’ездзе была чарачная i прыбiральня адначасова, з усiмi вядомымi наступствамi. I суседзi не толькi не пратэставалi, яны яшчэ i на «шухеры» стаялi, калi мiлiцыя iшла. Можа, ад таго, што адна з суседак там працавала? Толькi некалькi бабуль пыталiся, калi гэта ўсё скончыцца.

— I што праваахоўныя органы зрабiлi ў такой сiтуацыi?

— Сабралi матэрыялы: высветлiлася, што больш за 20 разоў гаспадар пункта i прадаўцы прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi. Сумесна з жыллёва-камунальнай службай, гарвыканкамам i прэсай мы абследавалi кватэру i выявiлi, што яна выкарыстоўваецца не па прызначэнню: мiнiмум мэблi, затое каля дзвярэй вiсiць цэннiк. 100 грамаў — 400 рублёў, 150 грамаў — 600 рублёў i гэтак далей да лiтра за 4 тысячы рублёў. Вось колькi каштуе тэхнiчная спiртавая вадкасць, разведзеная вадой з-пад крана. Урэшце матэрыялы накiраваныя ў суд, якi цяпер разгледзiць у якасцi пакарання канфiскацыю кватэры.

— Такi пункт быў не адзiны?

— Так, але мы па iх нанеслi ўдар. Цэлы люты там працавалi з паўсотнi чалавек з Магiлёва i Мiнска. Карысталiся рознымi метадамi ўздзеяння. Напрыклад, адна жанчына (такiх завуць «спiртавiчкамi») дзесяць разоў прыцягвалася да адмiнiстрацыйнай адказнасцi, але штрафаў не плацiла. Набегла аж 22 мiльёны, але яна спасылалася на беспрацоўе i адсутнасць сродкаў. I тут з’явiлася iнфармацыя, што яна будуе катэдж. Мы бяром судовага выканаўцу, грузавы аўтамабiль i едзем. I праўда, амаль што завершаная будоўля, i гаспадыня ходзiць па катэджу, мяркуе пра дызайн. Судовы выканаўца апiсаў маёмасць — да капеечкi, безагаворачна.

Падобныя акцыi праведзены па 28 адрасах. I гэта дзейснае ўздзеянне. Напрыклад, дзве жанчыны за 10 дзён знайшлi грошы, каб аплацiць штрафы ў 4 i 11 мiльёнаў рублёў. I, ведаеце, рэзананс пайшоў у Бабруйску. Цяпер п’янiцы не скажуць, дзе можна набыць «на пункце гарэлку», а паскардзяцца, што мiлiцыянеры ўсё перакрылi.

Канешне, было б занадта аптымiстычна казаць, што мы вырашылi гэтую праблему, але мы нанеслi па алкагалiзацыi вялiкi ўдар.

— Скажыце, дык можа прасцей адсочваць i спыняць спiртавыя грузы на мяжы, чым потым змагацца з сiстэмай iх збыту?

— Разумееце, нават калi бабуля выходзiць гандляваць цыгарэтамi, яна прадпрымае хiтрыя меры бяспекi, каб не трапiць пад увагу мiлiцыянера. А калi размова iдзе пра вялiкiя грошы — адна спiртавая фура каштуе ў сярэднiм 60 тысяч долараў, — то гэтым дылетанты не займаюцца. Каб прыгнаць груз, рыхтуюцца месяц-два: некалькi машын суправаджэння, вывучэнне пастоў мiлiцыi, аб’язныя дарогi, дакументацыя. Мы, канешне, таксама працуем, але гэта складаная справа.

Вось выйшаў супрацоўнiк ДАI на дарогу, спынiў аўтамабiль, а там, на табе, «Максiмка». Гэта вялiкая ўдача. I аднойчы такая здарылася. Iнспектар спынiў мiкрааўтобус у Чавусах: «Вязём цыбулю ў сетках». «Пакажыце». Адчынiлi — а там з-пад цыбулi рэзкi пах спiрту. Проста адна канiстра лопнула. I такiм чынам быў затрыманы груз у 800 лiтраў спiрту.

— Але былi i больш буйныя грузы, цi не так?

— У вераснi мiнулага года затрымлiваем фуру. Яе «вялi» яшчэ з Расii, спiрт канфiскавалi. Лiтаральна праз два тыднi iдзе яшчэ адна — i тыя ж самыя людзi. Новую фуру затрымалi ў Шклоўскiм раёне, перагрузiлi спiрт на склад аднаго з прадпрыемстваў, машыну адпусцiлi, на перавозчыкаў з Бабруйска склалi пратаколы аб адмiнiстрацыйнай адказнасцi.

Але, вiдаць, гэтыя людзi самi не былi гаспадарамi, i яны за два няўдалыя рэйсы «пагарэлi» на дзесяткi тысяч долараў. I тады яны пайшлi на крымiнальны ўчынак: звязалi вартаўнiка i скралi спiрт са склада. Канешне, iх знайшлi i вярнулi ўсё. Цяпер за цяжкае злачынства яны могуць атрымаць значныя тэрмiны пазбаўлення волi.

— Якую найбольшую небяспеку вы цяпер бачыце ў алкагалiзацыi насельнiцтва?

— Гэта нелегальны ўвоз i гандаль сурагатнымi спiртамi. Таму што людзi канкрэтна мруць. У сувязi з гэтым з’явiўся новы медыцынскi тэрмiн — таксiчны гепатыт. У большасцi выпадкаў — смяротны зыход, а калi ўратавалi — практычна iнвалiд. I ведаюць, i п’юць. Бо сурагатная гарэлка каштуе ўдвая танней, а забойная сiла ўдвая большая. Шкада людзей.

У Бабруйску перад тымi, хто прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi па «алкагольных» артыкулах, выступаў праваслаўны святар. Ён прапаведаваў, што гандаль сурагатамi царква сёння прыроўнiвае да парушэння запавету «Не забi!»

Мы таксама адкрылi «гарачую лiнiю»: 29-80-95. Паведамленнi ананiмныя, i тых, хто расказвае пра нелегальныя пункты рэалiзацыi алкаголю, я заахвочваў бы за неабыякавасць. Таму што ў нас так: пакуль гэта не закранула нас самiх, сяброў цi сваякоў, мы лiчым гэта не сваёй справай. А так нельга!

Трэба весцi прафiлактычную працу — са школы. I каб усе працавалi на гэта. I па тэлевiзары не жанглявалi бутэлькамi з пiвам, а паказвалi алкаголiка, якi праз некалькi дзён памрэ, бо ў яго цыроз пячонкi. Тады i карысць будзе для маладых людзей, якiя страцiлi адчуванне небяспекi алкаголю. Цяпер, калi пацяплела, немагчыма сустрэць на вулiцы маладзёжную кампанiю, дзе б не пiлi пiва i ўсялякiя «джын-тонiкi». Можа, усё з гэтага i пачынаецца?.. Я параiў бы ўсiм пiць меней, калi пiць — то якасны алкаголь, i ў разумных межах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?