Такое здараецца не часта. Прыйшла вясна, i палешукi падалiся на балота за журавiнамi. Як правiла, гэтыя ягады збiраюць восенню i нарыхтоўка журавiн цягнецца да зiмы. I дзесьцi пад Новы год яна заканчваецца. А сёлета зiма стаяла толькi ў лютым, таму людзi выкарысталi гэты момант.

Ганцавiцкая спажыўкааперацыя адразу пачала закупляць ягады. Асаблiвых праблем няма, бо няма канкурэнтаў. Восенню розныя фiрмы i камерсанты перахоплiваюць ягады ў кааперацыi, таму што могуць заплацiць больш, ды i калi, напрыклад, прадпрымальнiку дазволена купiць пяць тон тых жа журавiн, ён мог вывезцi i пятнаццаць. Як яго кантраляваць? Вясной у палешукоў выбару няма: райпо — адзiны пакупнiк.

— Дазвол на збор журавiн заканчваецца 12 красавiка i да гэтага часу мы думаем нарыхтаваць да 4 тон ягады, — разважае намеснiк старшынi райпа па нарыхтоўках Мiкалай Валасюк, — журавiн мора, але з прыходам вясны пачынаюцца палявыя работы i наступае спад на збор.

З восенi журавiны больш моцныя, але вясной па якасцi яны лепшыя — перамерзлi i сталi смачнейшыя.

За кiлаграм ягад плацяць 3200 рублёў, i многiя едуць на балота з Ганцавiч. Асаблiва шмат журавiн здаюць у выхадныя, а ў буднi, галоўным чынам, iх збiраюць пенсiянеры ды беспрацоўныя. За тыдзень удаецца здабыць 700—900 кг ягад. Быццам бы i не многа, але трэба ўлiчваць, што за дзень чалавек можа назбiраць 7—8 кг, бо ўмовы даволi складаныя. Калi восенню балота можа i падмерзнуць, то цяпер вада стаiць.

Нарыхтаваная прадукцыя на складзе не залежваецца. Яе перапрадаюць камерсантам цi здаюць на аптовую базу Мiнска. I быць пасрэднiкам у гэтай куплi-продажы — справа выгадная. Мне не сказалi, якi з iх «навар», але намякнулi, што добры.

Вось i ўзнiкае думка: «А можа, у свой час, усю ўвагу неабходна было сканцэнтраваць на журавiнах, балотах, а не асушэннi iх?». Праўда, тады мала каму тыя журавiны былi патрэбныя.

На складзе, дзе ў скрынках (па 8 кг) знаходзяцца ягады, кiнуўся ў вочы адзiн факт. Ёсць журавiны чыстыя, а ёсць моцна засмечаныя. Першыя збiралi рукамi, а другiя — металiчным прыстасаваннем. Прымяняць вiдэльцы, грабелькi i г.д. пры збiраннi ягады забаронена, бо пашкоджваецца ўся раслiна. Але ж нашаму чалавеку прытрымлiвацца ўстаноўленага парадку няпроста, асаблiва на балоце цi ў лесе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?