За фоты з плюшавым мішкам журналістак аштрафавалі на 3 млн рублёў
Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыліся суды над журналісткамі Юліяй Дарашкевіч і Ірынай Козлік.
Іх абвінавацілі ў незаконным пікетаванні (фатаграфанні з плюшавым мядзведзям) і аштрафавалі на 30 базавых велічынь кожную (па 3 млн рублёў).
14:59
Юлія Дарашкевіч таксама аштрафаваная на 30 базавых (3 млн рублёў).
14:50
У судзе абвешчаны перапынак на вынясенне прысуду. Дзмітрый Паўлючэнка накіраваўся ў дарадчы пакой, паведамляе baj.by
14:40
Адвакат журналісткі просіць спыніць справу, бо Дарашкевіч праводзіла здымку ў месцы, у якім яна не забаронена, паведамляе baj.by
14:30
Юлія Дарашкевіч запатрабавала выклікаць у суд у якасці сведкі Ірыну Козлік. Быў абвешчаны перапынак, але журналістку "Камсамольскай праўды" ў судзе не знайшлі, таму суддзя перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы.
Адвакат папрасіла супрацоўнікаў міліцыі ўзгадаць акалічнасці затрымання. Міліцыянты кажуць, што дэталяў не памятаюць.
14.20
Юлія Дарашкевіч даводзіць у судзе, што мае права на здымку ў тым месцы, дзе яе затрымалі. Матывуе гэта тым, што на месцы затрымання няма знакаў пра забарону здымак, паведамляюць праваабаронцы з залы суда.
У працэсе супраць Юліі Дарашкевіч выступаюць тыя ж сведкі, што і на папярэднім. Аляксандр Сухалёт кажа, што затрымлівалі журналістак разам з напарнікам і прадстаўнікамі Савецкага РУУС. У гэты ж час сама Дарашкевіч заявіла, што міліцыянтаў было сямёра: чацвёра у форме і трое ў цывільным.
Апроч гэтага Дарашкевіч паспела распавесці, што ноч з Ірынай Козлік яны ўсё ж правялі на Акрэсціна. Перад гэтым у міліцыі ў журналістак узялі тлумачэнні і далі на подпіс гатовы пратакол, з якога яны і даведаліся пра абвінавачанне, паведамляе сайт БАЖа.
13:20
Пачалі судзіць Юлію Дарашкевіч. Суддзя дазволіў журналістцы карыстацца паслугамі адваката і абвясціў перапынак на 10 хвілін для азнаямлення з матэрыяламі справы, паведамляе сайт БАЖа.
13:12
Ірыну Козлік прызналі, што ўдзельнічала ў пікетаванні, не ўзгодненым з Мінгарвыканкамам.
Штраф — 30 б.в. (3 млн рублёў) — максімальна магчымы, паводле гэтага артыкула.
Яна вызваленая.
Пачаўся суд над Юліяй Дарашкевіч. Суддзя — таксама Дз. Паўлючэнка
11:55
Скончыўся працэс над Ірынай Козлік, суддзя Дзмітрый Паўлючэнка абвясціў перапынак на вынясенне прысуду.Перад гэтым адвакат падрабязна патлумачыла суддзі прававое талкаванне слова «пікетаванне», нагадала, што журналісткі рабілі здымкі для асабістых мэтаў, і запатрабавала спыніць справу ў дачыненні сваёй падабароннай, паведамляе сайт БАЖа.
Суддзя абвясціў перапынак, каб вынесці рашэнне.
11:40
Пратакол супраць Ірыны Козлік: Мела ў рухах таблічку з надпісам «У Беларусі сур’ёзная праблема са свабодай слова. Няўжо Лукашэнка пасадзіць плюшавых мядзведзікаў?».
11:51
Сведка Сяргей Шэлест, камандзір адзялення аховы, кажа, што адна з журналістак нешта гаварыла, другая — фатаграфавала, паведамляе Яніна Мельнікава.
11:22
Ірына Козлік знаёміцца з матэрыяламі справамі.
Камандзір амонаўцаў Сухалет сцвярджае, што яго супрацоўнікі былі ў форме і прадставіліся.
Яны вырашыліi, што дзяўчаты ладзілі пікетаванне, таму што быў мядзведзь і яны размаўлялі.
Паведамляе ў сваім фэйсбуку Яніна Мельнікава, якая трапіла ў залу суда.
11:00
Журналістак завялі ў суд, больш туды нікога не пускаюць.
Дзяўчат будуць судзіць за пікет шляхам фатаграфавання.
Першай судзяць журналістку «Камсамольскай праўды» Іру Козлік.
Суддзя Д. Паўлючэнка.
10.28
Дзяўчат прывезлі ў легкавым аўтамабілі ў суд Савецкага раёна.
Ноч яны правялі ў Савецкім РУУС.
Міліцыя ачапіла ў радыусе 4 метраў легкавік, дзяўчат не пускаюць. Журналісты чакаюць.
Журналісты прыехалі на суд Дарашкевіч і Козлік
10:10
Каля будынка суда сабралася больш за два дзясяткі
Некаторыя журналісты ў майках «No picture — no problem», майках з выявай мядзведзікаў, або з плюшавымі — не шведскімі! — мядзведзямі.
А 9.20 пад’ехаў першы аўтазак. Міліцыянер кажа: «Не фоткайце, гэта не вашыя». «А калі прывязуць нашых?» «Не магу ведаць».
Журналісты чакаюць.
Ніякай інфармацыі пакуль у судзе няма.
***
Дзяўчат затрымалі вечарам у сераду ў 18:30 у цэнтры Мінска, ля Палаца мастацтваў. Журналістак звінавацілі ў несанкцыянаваным флэшмобе — яны, сцвярджаецца, фатаграфаваліся з мядзведзікамі на знак падтрымкі затрыманых Сурапіна і Башарымава.
Вечар і, праўдападобна, дзяўчаты правялі ў Савецкім РУУС.
Юлію і Ірыну абвінавачваюць у незаконным пікетаванні (23.34 — КоАП), што караецца або штрафам да 3 млн рублёў, або адміністрацыйным арыштам да 15 сутак.
* * *
Нагадаем, журналісты ладзяць акцыю салідарнасці з затрыманым Антонам Сурапіным, які першым апублікаваў фотаздымкі мядзведзікаў, скінутых над Беларуссю са шведскага самалёта. Хлопца з 13 ліпеня трымаюць у СІЗА КДБ і вінавацяць у дапамозе шведам, якія парушылі дзяржаўную мяжу Беларусі. Па гэтай жа справе з 6 ліпеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ рыэлтар Сяргей Башарымаў.
Каментары