4 красавiка адзначаецца 450‑годдзе Льва Сапегi (1557—1633), вядомага дзяржаўнага дзеяча Вялiкага княства Лiтоўскага, дыпламата i мыслiцеля.

Леў Iванавiч Сапега нарадзiўся ў вёсцы Астроўна Вiцебскага павета (цяпер у Бешанковiцкiм раёне). Атрымаў выдатную адукацыю, свабодна валодаў пяццю замежнымi мовамi. Быў пiсарам вялiкiм ВКЛ (1581—1585), падканцлерам (1585—1589) i канцлерам ВКЛ (1589—1623), потым ваяводам вiленскiм i адначасова гетманам вялiкiм... Леў Сапега — адзiн са стваральнiкаў Трыбунала Вялiкага княства Лiтоўскага — найвышэйшага дзяржаўнага суда. Ён узначальваў соймавую камiсiю па падрыхтоўцы Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588 г., адрэдагаваў яго тэкст i фiнансаваў яго выданне ў вiленскай друкарнi Мамонiчаў. З 1589 г. як канцлер стаў кiраўнiком знешняй i ўнутранай палiтыкi ВКЛ.

У сваёй палiтыцы Леў Сапега адстойваў суверэнiтэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалiтай. Садзейнiчаў развiццю беларускага кнiгадрукавання...

Рэспублiканскi мастацка‑экспертны савет па манументальнаму мастацтву пры Мiнiстэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь зацвердзiў праект помнiка Льву Сапегу, якi плануецца ўстанавiць у Слонiме — горадзе, дзе Сапега доўгi час займаў пасаду старасты.

Калi адбудзецца гэта падзея? — спыталi мы аўтара помнiка, вядомага беларускага скульптара Iвана Мiско.

Адказаць на гэта пытанне не вельмi проста: усё ўпiраецца ў адсутнасць фiнансавання. «Магчыма, варта было б адкрыць дабрачынны рахунак, каб людзi, неабыякавыя да гiсторыi i культуры нашай Радзiмы, змаглi аказаць спонсарскую дапамогу», — гаворыць Iван Якiмавiч.

Скульптар I. Мiско сам родам са Слонiмшчыны. Марыць, каб хоць адна яго работа была ўстаноўлена на радзiме...

Таццяна Падаляк.

4 красавiка Лiдскi гiсторыка‑мастацкi музей пачынае цыкл мерапрыемстваў з нагоды святкавання 450‑годдзя Льва Сапегi.

Супрацоўнiкi музея правядуць шэраг лекцый аб выдатным дзеячы ВКЛ у навучальных установах раёна. У бiблiятэках будуць наладжаны гадзіны цiкавай iнфармацыi i «тэматычныя палiцы» па тэме «Канцлер Вялiкага княства Лiтоўскага».

Дарэчы, будынак музея цяпер знаходзiцца на рэканструкцыi, экспазiцыя часова закрыта для наведвання.

Тым не менш тут знаходзяць формы работы для азнаямлення лiдчан i гасцей горада з музейным зборам — праз выязныя выстаўкi, днi музея ў школах, выстаўкi аднаго дня i аднаго прадмета. На пляцоўцы каля музея традыцыйна праводзяцца вернiсажы мастакоў.

Барыс Пракопчык

«Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0