«Россельхознадзор» стаўся прыладаю, з дапамогай якой расейцы абышлі толькі што, 23 сакавіка, падпісаныя пагадненьні аб адмене абмежаваньняў ў гандлі.

Расейскія вэтэрынары далі дазвол на пастаўку мяса толькі тром беларускім прадпрыемствам з 26 існуючых. Шчасьліўцамі сталіся Слуцак, Стоўпцы і Белавежа. Зь іх толькі Слуцкі мясакамбінат буйны.

Саўгас «Белавескі» спэцыялізуецца на гадоўлі і перапрацоўцы сьвіней, стаўпецкі ня так даўно перабудаваны пад выпуск кілбасных вырабаў.

У лік абраных ня трапілі такія гіганты, як Гарадзенскі, Берасьцейскі, Ваўкавыскі, Менскі, Бярозаўскі, Віцебскі, Барысаўскі, Бабруйскі мясакамбінаты.

У Расею ж выгодна пастаўляць ялавічыну, дый тое, пасьля студзеньскіх дзяржаўных падвышак цэнаў на закуп скаціны і падзеньня цэнаў на расейскім рынку прыбытковасьць зьнізілася, нават часам аж да стратнасьці. Але ж усе камбінаты трымаліся за той экспарт, бо беларускі рынак перанасычаны, а на захад дарогі пакуль няма.

Гаворка пра невыкананьне санітарных стандартаў на нашых прадпрыемствах, безумоўна, надуманая. Большасьць зь іх мае міжнародны стандарт ІСО 9001, якому расейцы «раптам» перасталі даваць веры.

Калі абмежаваньні ня будуць адменены, страты чакаюць і нашу сельскую гаспадарку — пойдуць долу закупкі быдла, марожаныя тушы будуць вісець у лядоўнях мясакамбінатаў месяцамі. «Россельхознадзор» стаўся той прыладаю, з дапамогай якой расейцы абышлі толькі што, 23 сакавіка, падпісаныя пагадненьні аб адмене абмежаваньняў ў гандлі.

Доля беларускіх паставак складала на расейскім рынку каля 6%. Яшчэ каля 12% ішло з Украіны. Рэшта экспартнага мяса — гэта марожаныя тушы аргентынскіх бізонаў і аўстралійскіх кенгуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?