У Беларусі дастаткова сродкаў для выплаты знешніх пазык і павышэння заработнай платы. Аб гэтым сёння заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.

«Для таго каб пару мільярдаў гэтых даўгоў выплаціць — праблем ніякіх няма. Гэтыя грошы ўжо ёсць сёння без выкарыстання золатавалютных рэзерваў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нацыянальнаму банку Беларусі даведзена заданне па нарошчванню аб’ёму ЗВР, і ён спраўляецца з апярэджаннем. А ўраду, паводле слоў Лукашэнкі, дадзена заданне зарабіць грошы на развіццё краіны, на павышэнне зарплаты людзям і на вяртанне знешніх пазык.

Паводле даных за першае паўгоддзе, эканоміка Беларусі развіваецца стабільнымі тэмпамі. ВУП краіны за 6 месяцаў вырас амаль на 3 працэнты, а знешнегандлёвае сальда практычна дасягнула $2 млрд., стаўшы рэкордным за апошнія 10 гадоў. Разам з тым, на наступныя два гады выпадае асноўная нагрузка па выплаце знешніх пазык. У сувязі з гэтым у некаторых узнікаюць апасенні, ці зможа Беларусь, выконваючы даўгавыя абавязацельствы, захаваць тэмпы эканамічнага росту і давесці памер заработнай платы да $500.

Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, даў тлумачэнне наконт такіх засцярогаў: «Абсалютна дакладна заяўляю: калі не хопіць (фінансавых рэсурсаў у дзяржавы), і зарплату павышаць не будзем.
Але тое, што павінны вярнуць па даўгах, вернем». «Калі б не было гэтых даўгоў, вядома ж, эканоміка развівалася б больш высокімі тэмпамі. Яны і так прымальныя, але былі б больш высокімі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка яшчэ раз нагадаў, што для павышэння заработнай платы неабходна перш за ўсё павысіць прадукцыйнасць працы, а пасля гэтага заробленыя грошы аддаць людзям у выглядзе павышанага памеру заработнай платы. «Я бачу, што гэта зрабіць можна. І патрабаванні невялікія — што такое 500 долараў? Гэта не грошы. Таму страху ў гэтым няма», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў тым выпадку, калі б не хапала грошай для забеспячэння і абслугоўвання знешніх пазык, то не магло б ісці і гаворкі аб павышэнні заработнай платы, кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму. «Таму што калі мы хоць на адну прыступку самі свой рэйтынг панізім (затрымаўшы выплаты па знешніх даўгах), нам ніхто ніколі не пазычыць грошы і крэдытаў не дадуць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі ўжо мы будзем бачыць, што не паспеем расіянам вярнуць мільярд долараў, я ўжо як-небудзь дагаваруся з Прэзідэнтам Расіі, каб ён адтэрмінаваў на год гэта вяртанне», — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, Беларусь таксама ў выпадку неабходнасці магла б дамовіцца аб адтэрміноўцы плацяжоў з такімі краінамі, як Кітай і Іран, у якіх наша краіна брала крэдыт.

Разам з тым, пакуль Беларусь спраўляецца з выплатай абавязацельстваў па знешніх пазыках. Больш таго, магчыма датэрміновае вяртанне некаторых з іх. «У бліжэйшы час будзем весці перагаворы з адным з банкаў, каб датэрмінова аддаць грошы», — праінфармаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?