Яны выдзяляюцца з натоўпу. Нехта, пачуўшы іх мову, усьміхаецца і шчыра дзякуе. Некага перасмыкае. А яны ўсё адно размаўляюць выключна на роднай мове. І з кожным днём іх большае!

Сымпатычны хлапец з доўгімі валасамі сустракае мяне ў фае Мэдунівэрсытэту. Мы знаёмімся і пачынаем размову. Размаўляе па‑беларуску Зьміцер нядаўна.

А пачыналася ўсё з музыкі: кола сяброў, аддаючы перавагу замежнаму року, раптам заўважыла айчынных музыкаў і адзначыла іх імпэт. Важкім крокам стаў і «Дзень беларускае мовы», якія праводзіўся ў школе, дзе навучаўся хлапец. Пасьля пачалося новае жыцьцё: у другім горадзе, з новымі людзьмі і ў новай навучальнай установе.

Менавіта ў новым жыцьці Зьміцер і вырашыў пачаць размаўляць на роднай мове. Канечне, па першым часе былі цяжкасьці. У грамадзкім транспарце, напрыклад, яго называлі нацыяналістам і, чамусьці, скін‑хэдам. Не заўсёды разумелі бацькі. Ды і перакладаць на беларускую мову анатомію і фізыку — ня самая проста справа. «Але самае складанае, — лічыць Зьміцер, — гэта навучыцца думаць па‑беларуску». Ён верыць у адраджэньне беларускай мовы і ўпэўнены, што сёньня беларуская мова — гэта мова інтэлектуальнай эліты Беларусі.

Ягоная сяброўка Гануська размаўляе па‑беларуску з 15 гадоў. Яна стамілася вагацца паміж дзьвюма мовамі і аддала перавагу роднай. «Беларускамоўнаму чалавеку, — лічыць Ганна, — складана справіцца зь ціскам натоўпу». Ганна лічыць, што трэба трымацца сваёй пазыцыі, а людзям, якія падменьваюць паняцьці, раіць чытаць паболей патрэбных кніг. Яна шчыра радуецца, калі чуе ў грамадзтве беларускую гутарку. Пазытыўны і добры настрой Гануська раіць шукаць у музыцы… безумоўна, беларускамоўнай.

Хіт‑парады

Калі вы вырашылі размаўляць па‑беларуску:

Для пачатку скажыце сабе гучна, што гэта назаўжды, і — наперад.

1. Па першым часе, хутчэй за ўсё, вы будзеце думаць па‑расейску, таму ваша мова будзе няскладнай, непрыгожай і падобнай да «трасянкі». Цурацца гэтага ня трэба. Нават у лепшых кухараў першы блін — сабаку.
2. Знайдзіце сабе кола сяброў, якія будуць размаўляць з вамі па‑беларуску. Разам і сьмялей і весялей. Знайсьці аднадумцаў можаце ў розных клюбах, на форумах.
3. Слухайце болей беларускай музыкі. Тут усё залежыць ад густу, але ня толькі N.R.M. сьпяваюць па‑беларуску, але нават гурт «Краски»…
4. Чытайце як мага больш беларускай літаратуры розных жанраў, розных стыляў і эпох, ня менш як 30—40 хвілін штодзень перад сном.
5. Вывучыце 2—3 фразы (альбо прыдумляйце кожны раз новыя!), якімі б вы маглі адбіцца ад вельмі надакучлівых людзей, якія будуць вас пераконваць, што «беларуская мова не самастойная мова» і што «ніхто цяпер на ёй не размаўляе, таму ты, маўляў, не выдурняйся».

Майце на ўвазе, што часам вас могуць не зразумець і нават абразіць. Але праўда на вашым баку. Вы маеце Божае і канстытуцыйнае права размаўляць па‑беларуску. А тым, хто ўпарта вас не разумее, можаце параіць купіць слоўнік. І памятайце, той хто хоча, той усё зможа. Наперад!

Шукаем аднадумцаў

Тут пералік толькі малой часткі клюбаў і сайтаў, да якіх вы можаце зьвярнуцца. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсьці на любым пошукавіку (ці то yandex.ru, ці то google.by).

Сэмінары для моладзі пры ТБМ ім. Ф.Скарыны
Сэмінары прадугледжваюць выступленьне вядомых навукоўцаў пісьменьнікаў і паэтаў з культурна‑гістарычнай тэматыкай; абмеркаваньне; выязныя сустрэчы па мястэчках Беларусі.
Даведкі: г.Менск, вул.Румянцава, 13; тэл. 284‑85‑11

Клюб дэбатаў
Весьці спрэчку па‑беларуску і па‑джэнтэльмэнску можна навучыцца тут.
Менск, вул.Няміга, 30, аўд. 21 (Інстытут Правазнаўства) штопятніцу а 19 гадзіне.
Даведкі: (8029)778‑95‑59 (Аляксей), (8029)511‑0642 (Вера).

Этнаклюб
Вывучаць беларускія традыцыі, шанаваць, помніць, разьвіваць сваю культуру дапамогуць тут.
Даведкі: (8029)763‑65‑60.

studenty.by — гэта інфармацыйны рэсурс для актыўных людзей — студэнтаў і студэнтаў па жыцьці (па настроі, стылі жыцьця), а таксама пляцоўка для рэалізацыі творчых ідэяў. Наведнікі чэрпаюць натхненьне ў студэнцкіх часах — бо для кожнага зь іх студэнцтва — незабыўны час. Час пошуку ўсяго новага, час выпрабаваньняў, час навучаньня, які паказвае, што вучыцца насамрэч трэба ўсё жыцьцё, час прамацваньня глебы для самастойнага жыцьця, поўнага прыгодаў, шчырых сяброў, незабыўных уражаньняў.

belmov.org — сайт, які прадстаўляе зьяднаньне беларускай моладзі ў ЗША. Адной з мэтаў праекту ёсьць адраджэньне беларускай мовы і культуры (выданьне газэт і кніг, арганізацыя і правядзеньне выставаў беларускіх мастакоў, усталяваньне помнікаў вядомым беларусам).

pravapis.org — самы папулярны сайт пра беларускую мову сярод ангельскамоўных сайтаў, а таксама адзін зь лідэраў сярод беларускіх ўэбсайтаў, прысьвечаных беларускай мове. На сайце вы таксама можаце даведацца пра кніжныя навінкі й набыць выбраныя кнігі з кнігарняў Amazon (па‑ангельску) і OZ.by (па‑беларуску ды па‑расейску) пра Беларусь і беларускую мову.

Беларуская палічка — лінгвістыка, філязофія, гісторыя, культура, літаратура — усё гэта і ня толькі вы знойдзеце тут.

«Якія вы ўсе беларускія дзяўчаткі», — прамовіў мужчына, пачуўшы маю гутарку зь сяброўкай па‑беларуску.
«Ня ўсе, толькі дзьве… — прыслухоўваючыся, азірнулася я. І дадала: — Але тэндэнцыя ўжо ёсьць».

У сёньняшняй сытуацыі зь беларускай мовай можна абвінавачваць настаўнікаў, грамадзтва, тэлебачаньне… А можна пачаць зь сябе.

Раніцай разьвешу фіранкі, гляну на сонейка і сустрэчнаму скажу: «Здароў! Размаўляй са мной па‑беларуску».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?