Лідар міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (зарэгістравана ў Чэхіі) Зміцер Дашкевіч, які знаходзіцца ў глыбоцкай калоніі № 13 (Віцебская вобласць), закончыў азнаямленне з матэрыяламі новай крымінальнай справы. Аб гэтым БелаПАН паведаміла намеснік старшыні арганізацыі Наста Палажанка.

«Аб тым, што Зміцер закончыў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, я даведалася з ліста ад яго.

Гэта азначае, што на працягу месяца над ім можа адбыцца суд», — сказала Палажанка.

Паводле яе слоў, Дашкевіча «вельмі пацешыла» характарыстыка, якую далі яму пры распачынанні справы. «Маўляў, ён не паддаецца перавыхаванню, адмоўна ўплывае на іншых зняволеных і кіруецца сваімі інтарэсамі. Ён крыху пасмяяўся — дзіўна б было, каб у сваіх паводзінах ён кіраваўся чужымі інтарэсамі», — сказала Палажанка.

Ніякай інфармацыі аб здароўі Дашкевіча ў лісце няма.
«Ён быў змешчаны ў медчасць 24 ліпеня з аднабаковай пнеўманіяй, у панядзелак, 6 жніўня, яму павінны былі зрабіць здымак, на падставе якога прыняць рашэнне, выпісваць яго ці не. 13 жніўня я паеду ў калонію, каб даведацца аб яго здароўі», — сказала Палажанка.

***

Нагадаем, 18 снежня 2010 года, напярэдадні выбараў прэзідэнта, Змітра Дашкевіча і яго таварыша па «Маладым фронце» Эдуарда Лобава затрымалі ў сталіцы па абвінавачанні ў збіванні двух мінчан. 24 сакавіка 2011 года Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нядаўна ў дачыненні да Дашкевіча распачалі новую справу — па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

У выпадку прызнання віны яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да года. Цяпер Дашкевічу застаецца адбыць менш чым пяць месяцаў пакарання.

.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?