Апошнія паездкі афіцыйнага лідэра ствараюць уражаньне, што ў пытаньнях піяру зь ім шчыльна працуюць дасьведчаныя адмыслоўцы.

Падчас візытаў з фармальна гаспадарчым ухілам нязмушана, у форме экспромтаў, даюцца адказы на тыя пытаньні, што абмяркоўваюцца на кухнях ды палітычных сайтах у нявыгадным для ўлады ракурсе.

Так, вельмі імаверна, што звышзадачай нядаўняга наведваньня фабрыкі гародніны быў адказ аматарам тэмы прэзыдэнцкага здароўя. Адказ у духу вядомага анэкдоту: не дачакаецеся!

Сёньня падчас наведваньня Брэсцкай вобласьці закраналіся і зусім не лякальныя праблемы. Так, электарату патлумачана, што здабыча нафты ў Вэнэсуэле — не манілаўскі пражэкт. І ўвогуле: Беларусь далёка прасунулася што да дывэрсыфікацыі паставак "чорнага золата". Карацей, насельніцтву навяваецца спакой у адчувальным пытаньні энэрганосьбітаў.

Зноў заяўлена, што дыялёг з Эўразьвязам не зашкодзіць, але — без "падвойных і патройных стандартаў". То бок пра свае 12 умоў Брусэлю лепей і ня марыць. Наадварот, гэта Менск ставіць апрыёрную умову: скасаваць санкцыі. Разьлік жа робіцца на тое, што ў Эўропы ёсьць і выключна прагматычныя матывы супрацоўнічаць зь беларускай уладай.

Пэўна ж, не выпадкова было паднятае пытаньне пра разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Чэхіі ды Польшчы. Тут Аляксандар Лукашэнка і сам ужыў слова "піяр". Ён назваў піяраўскай акцыяй інфармацыю расейскіх мэдыяў аб разьмяшчэньні на нашай тэрыторыі іхніх ракетаў сярэдняй далёкасьці (у адказ на пляны вераломных янкі).

"Без прэзыдэнта Беларусі ніхто ня мае права ўвезьці ў рэспубліку і звычайную ракету, а ня тое што зь ядравым начыньнем", — заявіў Лукашэнка, даводзячы няслушнасьць на сёньняшні дзень надрукаванай у маскоўскай прэсе "мапы адэкватнага адказу".

Такім чынам, трэба разумець, сёньня з Брэстчыны Захаду апэратыўна дасланы мэсыдж, каб там пакуль што надта не пераймаліся. Сапраўды, нашто лішні раз дражніць быка?

Таксама ўскосна прызнана, што ня варта было рызыкаваць жыцьцямі авіятараў пасьля таго, як над Магадыша падбілі наш першы самалёт.

Ну і, нарэшце, што да "зямных клопатаў хлебароба", дэкляруецца новы падыход: усё, шаноўныя, эра датацыяў скончылася, кроў з носу забясьпечвайце рэнтабельнасьць!

Увогуле, вы, мусіць, заўважылі: афіцыйны лідэр стаў настойліва паўтараць, што мяняе стыль кіраваньня. З пугай стаяць над рознымі начальнікамі не зьбіраецца, а спытае за канчатковы вынік. Так што, магчыма, сэлектарных нарадаў мы болей ня ўбачым.

У сытуацыі, калі эканоміка можа пахіснуцца, лягічна апрыёры перакласьці адказнасьць на ўрад і вэртыкаль. Пры невыкананьні сакрамэнтальных прагнозных паказчыкаў — фігуральная сякір-башка. Электарат па-ранейшаму любіць сцэны публічнага пакараньня "кепскіх баяраў".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?