КДБ накіраваў грамадзянам Каралеўства Швецыі Пэру Кромвелу, Томасу Мазэці і Ханне Ліне Фрэй афіцыйныя позвы ў сувязі са следствам у справе парушэння беларускай паветранай мяжы 4 ліпеня.

Позвы перакладзеныя на англійскую мову і апублікаваныя на афіцыйным сайце КДБ

У позвах гаворыцца, што гэтыя асобы павінны з'явіцца для правядзення следчых дзеянняў у 10-дзённы тэрмін. Пры сабе неабходна мець пашпарт або іншае пасведчаньне асобы.

Пазначаныя ў позвах і санкцыі, якія могуць быць ужытыя супраць шведскіх грамадзянаў у выпадку іх няяўкі.
Згодна з артыкулам 402 Крымінальнага Кодэкса Беларусі, за гэта ім пагражае пакаранне штрафам або папраўчая праца, або пазбаўленне волі да 6 месяцаў.

На сайце КДБ не пазначана, якім чынам і на якія адрасы былі высланыя гэтыя позвы.

***

Нагадаем, што ў аўторак КДБ заявіў, што заведзена і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.371 КК Рэспублікі Беларусь па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Каралеўства Швецыі на лёгкаматорным самалёце. Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні паказанага злачынства затрыманыя грамадзяне Беларусі 20-гадовы журналіст Антон Сурапін, які першым на сваім сайце апублікаваў фатаздымкі скінутых з самалёта плюшавых мядзведзяў і 26-гадовы рыэлтар Сяргей Башарымаў, які, як мяркуецца, здаваў кватэру шведам у Мінску. Сурапіну і Башарымаву прад’яўленае абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамаганне ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Беларусі) КК, што караецца зняволеннем да 7 гадоў.

Нагадаем, што аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?